Сабаленка і Сасновіч заяўлены на „Australian Open”
З’явіўся старт-ліст першага ў сезоне турніру „Вялікага шлема” – Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе ў Мельбурне (20 студзеня – 3 лютага). У яго ўвайшлі толькі дзве беларускі – Арына Сабаленка (N 11 ВТА) і Аляксандра Сасновіч (67).
Двухразовая пераможца гэтага турніру Вікторыя Азаранка (50) сярод удзельніц „Australian Open” адсутнічае, паведамляе твітар Boticcelli.
Берасцейскае „Дынама” скасуе кантракт з Яўгенам Хачарыдзі
Бліжэйшы час берасцейскае „Дынама” скасуе кантракт з абаронцам Яўгенам Хачарыдзі, інфармуе by.tribuna.com. 32-гадовы абаронца падпісаў кантракт з „Дынама” 23 кастрычніка, пасля чаго футбаліст пачаў трэніравацца з камандай. Меркавалася, што пагадненне ўступіць у сілу з 1 студзеня 2020 года. Апошнім клубам Хачарыдзі быў грэцкі ПАОК, за які ён правёў 3 матчы.
Віктар Ганчарэнка атрымаў трохматчавую дыскваліфікацыю
Беларускі настаўнік ЦСКА Віктар Ганчарэнка дыскваліфікаваны на тры матчы чэмпіянату Расеі за нецэнзурную лаянку на адрас арбітра сустрэчы 19-га тура ЦСКА – „Краснадар”. Такое рашэнне прыняў кантрольна-дысцыплінарны камітэт РФС. Рэальны тэрмін адхілення складае два матчы – у трэцім беларускі спецыяліст будзе дыскваліфікаваны ўмоўна. Таксама Ганчарэнка аштрафаваны на 10 тыс. расейскіх рублёў і атрымаў выпрабавальны тэрмін да канца сезона.
Яшчэ адзін беларускі трэнер „Крылаў Саветаў” Сяргей Карніленка дыскваліфікаваны кантрольна-дысцыплінарным камітэтам на шэсць матчаў прэм’ер-лігі (на тры з іх – умоўна) за штуршок суддзі ў матчы 19-га тура супраць „Урала”.
Беларуска Рына Літошык заваявала срэбра юнацкага ЧЕ па цяжкай атлетыцы
Беларуская спартоўка Рына Літошык (вагавая катэгорыя 71 кг) заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце Еўропы U15 па цяжкай атлетыцы ў ізраільскім Эйлаце. Спартоўка ў суме двуборства паказала вынік 201 кг (91+110). На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася расейка Мадзіна Келехсаева (90+115). Трэцяй стала румынка Міхаэль Бузе (75+97). У катэгорыі U15 беларус Ягор Грынько (61 кг) заваяваў сярэбраны медаль. Кацярына Якушава (59 кг) стала бронзавым прызёрам. У катэгорыі U17 Дзмітрый Ходас (67 кг) падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала.
„Напалі” звольніў Карла Анчалоці
Карла Анчалоці адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Напалі”, – паведамляе афіцыйны акаўнт клуба ў „твітары”. Анчалоці узначаліў „Напалі” у траўні 2018 года. Кантракт з ім быў разлічаны на тры гады. Характэрна, што звальненне адбылося пасля пераканаўчай перамогі над „Генкам” ў Лізе чэмпіёнаў і выхаду неапалітанцаў у 1/8 фіналу галоўнага еўратурніру.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Reuters