Беларусы абыгралі ўкраінцаў на Турніры шасці нацый



Хакеісты зборнай Беларусі з перамогі стартавалі ў Турніры шасці нацый, які праходзіць у Будапешце. Падначаленыя Міхаіла Захарава не пакінулі шанцаў камандзе Украіны – 4:1. У складзе беларускай дружыны закінутымі шайбамі адзначыліся Ілля Шынкевіч, Яўген Кавыршын, Аляксандр Кітараў, Сяргей Маляўка. У трэцім перыядзе, які завяршыўся датэрмінова з-за траўмаў ўкраінскіх брамнікаў, гледачы галоў не ўбачылі. Лепшым гульцом матчу ў беларускай камандзе стаў Ілля Шынкевіч.

Валейбалісты „Шахцёра” перамаглі „Юнайтэд Волейс” у 1/16 фіналу Кубка ЕКВ

Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” перамаглі ў гасцявым паядынку 1/16 фіналу Кубка ЕКВ франкфурцкі „Юнайтэд Волейс” з лікам 3:2.

У вельмі цяжкім паядынку, з роўнымі шанцамі на поспех падначаленыя Віктара Бекшы ўсё ж зламілі супраціў нямецкай каманды. Найбольш выніковым гульцом у складзе беларускага клуба стаў Вячаслаў Чараповіч, які набраў 18 ачкоў. Матч у адказ адбудзецца ў мінскім спартовым комплексе „Уручча” 17 снежня. Для таго, каб выйсці ў наступны раўнд „гарнякам” неабходна перамагаць з любым лікам па партыях. У выпадку, калі чэмпіёны Беларусі саступяць на тай-брэйку, будзе прызначаны дадатковы „залаты сэт” да 15-ці ачкоў.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі на старце 2-га этапу Кубка ФІБА-Еўропа

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” няўдала стартавалі ў другім групавым этапе розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У гасцявым матчы першага тура групы J менчане саступілі ізраільскаму „Іроні” з лікам 75:84. Свой наступны матч Кубка ФІБА-Еўропа менскія „Цмокі” правядуць 18 снежня ў сябе дома супраць „Клужа”. Да гэтага, 15 снежня, падначаленыя Расціслава Вергуна згуляюць у гасцях у польскага клуба „Зялёна Гура” ў паядынку Адзінай лігі ВТБ.

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

Мадрыдскі «Атлетыка» і «Атланта» з Бергама сталі апошнімі ўдзельнікамі плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. «Атлетыка» дастаткова было на хатняй арэне абыграць маскоўскі «Лакаматыў», з чым падначаленыя Дыега Сімеонэ лёгка справіліся. На 17-й хвіліне партугальскі вундэркінд Жаау Феліш рэалізаваў пенальці, а ў пачатку другога тайма Фэліпэ ўсталяваў канчатковы лік матчу – 2:0. У іншым матчы групы «Ювентус» абыграў у гасцях леверкузенскі «Баер» – 2:0. Найбольш напружанай была барацьба ў групе «С». «Манчэстар Сіці» ужо даўно гарантаваў сабе першае месца, а за другую пуцёўку змагаліся тры каманды. У выніку яна дасталася «Аталанце», якая займала пасля пяці тураў апошняе месца. Клуб з Бергама разграміў у гасцях данецкі «Шахцёр» – 3:0. Італьянцам магло перашкодзіць загрэбскае «Дынама», але харваты ня справіліся з «Манчэстэр Сіці» – 1:4. «Пары Сэн-Жэрмэн» завяршыў групавы этап разгромам «Галатасарая» – 5:0. Пацвердзіў свой клас і мадрыдскі «Рэал», які адолеў у гасцях «Бруге» – 3:1. Адзінай камандай, якая набрала 18 ачкоў, стала «Баварыя». У апошнім туры каманда з Мюнхена адолела «Тотэнхэм» – 3:1. У матчы за месца ў Лізе Еўропы «Алімпіякас» перамог «Црвену Звезду» – 1:0. Раней месца ў плэй-оф сабе забяспечылі «РБ Лейпцыг», «Бенфіка», «Барселона», «Барусія» Дортмунд, «Валенсія», «Чэлсі», «Напалі» і «Ліверпуль».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя