Парады медыка: Пры грыпе – праветрываць кватэру, мыць падлогу
На Піншчыне медыкі не чакаюць эпідэміі грыпа. Па інфармацыі Пінскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, па стане на пачатак студзеня ніхто з мясцовых жыхароў не захварэў на грып.
Эпідэміі вострага інфекцыйнага захворвання дыхальных органаў не чакаюць і па ўсёй Берасцейшчыне, бо прышчэпку атрымала амаль палова жыхароў.
Як не дзіўна, але цяпло правакуе грып, адзначае былы выкладчык пінскага медычнага каледжу Аляксандр Іванцоў:
– Пачынаецца холад, і ўсе імкнуцца уключыць ацяпленне, утвараецца сухое паветра ў кватэрах. Вірус любіць сухое паветра, ён размнажаецца, у выніку з’яўляюцца эпідэміі. Трэба праветрываць кватэру, мыць падлогу, каб у кватэры захоўвалася вільготнасць. Пры гэтым вірус проста гіне.
Лекары нагадваюць, што грып досыць небяспечнае захворванне, бо можа аказаць рэзка негатыўны ўплыў на хранічныя праблемы арганізма і прывесці да смерці.
Беларускае Радыё Рацыя