Агучана асноўная версія забойства Шарамета (абноўлена)



Новая інфармацыя па справе аб забойстве журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета яшчэ з’явіцца, заявіў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у палітычным ток-шоў «Права на ўладу» тэлеканала «1 + 1». За некалькі гадзін да гэтага на экстранным брыфінгу ў Міністэрстве ўнутраных спраў з удзелам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і генеральнага пракурора Руслана Рабашапкі кіраўніцтва ведамства прадставіла некаторыя вынікі расследавання, паведаміўшы, у прыватнасці, аб затрыманні трох чалавек: Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар.

Ім інкрымінуецца злачынства па артыкуле 115 Крымінальнага кодэкса Украіны (наўмыснае забойства). Усе трое – удзельнікі баявых дзеянняў на Данбасе на баку Кіева. Антоненка і Кузьменка падазраюцца ў закладання выбухоўкі пад аўтамабіль, на якім рухаўся Шарамет, Дугар – у правядзенні выведкі ў раёне, дзе было здзейснена злачынства. У справаздачы фігуравалі таксама затрыманыя восенню добраахвотнікі, муж і жонка Уладзіслаў і Ірына Грышчанка.

«Гэтая справа не зʼяўляецца закрытай. Следства яшчэ працягваецца, – сказаў Авакаў.

Вядомы беларускі журналіст, выканаўчы дырэктар «Украінскай праўды», вядоўца радыёстанцыі «Весці» Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева.

Адной з пяці версій, што разглядаліся на пачатковым этапе, была прафесійная дзейнасць журналіста ў Беларусі і Расеі. Цяпер асноўнай версіяй зʼяўляецца спроба дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.

***

У  Кіеве адбыўся экстранны брыфінг, прысвечаны затрыманню асобаў, якія падазраюцца ў забойстве журналіста Паўла Шарамета. У ім прынялі ўдзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны пракурор Руслан Рабашапка. 

Пяцём падазраваным выстаўлена абвінавачванне ў датычнасці да забойства: гэта медсястра аднаго з парашутна-дэсантных батальёнаў Яна Дугаль, лекар Юлія Кузьменка, музыка і добраахвотнік Андрэй Антоненка і добраахвотнікі Уладзіслаў і Іна Грышчанкі.

* * * 

Паліцыя затрымала фігурантаў крымінальнай справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта 12 снежня ў Facebook паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў. Імёнаў затрыманых ён не назваў. Аднак у сацсетках заяўлялі пра затрыманні рок-музыканта, удзельніка антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе Андрэя Антоненкі, валанцёра і медыка Юліі Кузьменкі і ўдзельніка АТО Пятра Кіяна.

„Толькі што Нацпаліцыя затрымала і са згоды Генпракуратуры аб’яўляе абгрунтаваныя падазрэнні фігурантам справы аб забойстве Паўла Шарамета. Гэта вынік вельмі складанай і ўпартай працы сапраўдных спецыялістаў і важны крок да поўнага раскрыцця справы”, – напісаў міністр.

Авакаў анансаваў экстранны брыфінг, на якім паведамяць падрабязнасці справы.

У  брыфінгу, прысвечаным затрыманню асобаў, якія падазраюцца ў забойстве журналіста Паўла Шарамета, прымаюць удзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны пракурор Руслан Рабашапка.

Асноўная версія забойства журналіста Паўла Шарамета – дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне шляхам забойства вядомага чалавека. Пра гэта на брыфінгу завіў намеснік кіраўніка Нацпаліцыі Украіны Яўген Коваль.

Беларускае Радыё Рацыя