Дэпутаты заклікалі спыніць „антыканстытуцыйныя перамовы”



Дэпутаты Вярхоўнага савета 12-га склікання, якія ў 1991 годзе прысвоілі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закона, заклікалі ўлады спыніць перамовы аб інтэграцыі з Расеяй. Пра гэта гаворыцца ў звароце, тэкст якога перадаў БелаПАН намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ былы дэпутат Юрый Беленькі.

У звароце сцвярджаецца, што падрыхтоўка дакументаў аб інтэграцыі з’яўляецца «расейскім планам анексіі і паглынання нашай краіны».

«Такія дзеянні з боку цяперашняй улады ў Беларусі антыканстытуцыйныя і незаконныя, супярэчаць нацыянальным інтарэсам нашага народа. Антыканстытуцыйных перамоў быць не павінна. Яны павінны быць спыненыя. Усялякія рашэнні такіх перамоў не будуць мець юрыдычнай сілы і кваліфікуюцца як антыканстытуцыйная змова», – заяўляюць дэпутаты.

Заяву падпісалі дэпутаты Вярхоўнага савета 12-га склікання Зянон Пазняк, Юрый Беленькі, Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў, Пётр Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі, Анатоль Лябедзька, а таксама актывісты і кіраўнікі апазіцыйных партый і рухаў. У дакуменце згаданыя вулічныя акцыі пратэсту ў Менску 7 і 8 снежня і заяўлена, што «пачалася агульная народная мабілізацыя на абарону Айчыны».

«Заклікаем падтрымаць гэты працэс. Няхай усіх беларусаў абʼядноўвае цяпер адна ідэя – бараніць незалежнасць краіны. Няхай абʼядноўвае адна пазіцыя – не дапусціць захопу Беларусі Расеяй. Мы не хочам інтэграцыі з Расеяй. Тут выбар як на вайне: альбо абарона, альбо капітуляцыя», – гаворыцца ў звароце.

Прапануецца падтрымаць пратэст 20–21 снежня пад лозунгам «Не інтэграцыі з Расеяй!».

Праект звароту быў прапанаваны Беленькім 11 снежня на нарадзе прадстаўнікоў апазіцыі па правядзенні кампаніі ў абарону незалежнасці Беларусі. Прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку кіраўніцтва большасці апазіцыйных партый і рухаў: Партыі БНФ, КХП-БНФ, Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі «Зялёныя», руху «За Свабоду», аргкамітэтаў па стварэнні партый «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і «Народная Грамада», абʼяднання экс-кандыдатаў у дэпутаты «Маладзёжны блок», грамадзянскіх кампаній «Еўрапейская Беларусь» і «Свежы вецер».

БелаПАН