Моладзевы актывіст заяўляе пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў ЦІП



Моладзевы актывіст Пётр Маркелаў, асуджаны на 14 сутак арышту, заяўляе пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Менску, паведаміла БелаПАН маці актывіста Ірына Маркелава.

Паводле яе слоў, напярэдадні ўвечары ёй патэлефанаваў чалавек, які некалькі гадзін правёў з Пятром у адной камеры. „Ад імя майго сына ён папрасіў тэрміновай дапамогі адваката, таму што ўмовы ўтрымання ў камеры жудасныя, — сказала Ірына. — Той, хто тэлефанаваў, пацвердзіў, што сапраўды ў ёй немагчыма знаходзіцца. Сядзяць разам з Пятром два бамжы, стаіць такі смурод, што няма чым дыхаць. Вошы”.

Маркелаў спрабаваў звярнуцца з гэтым пытаннем да адміністрацыі ізалятара, але ніхто на яго скаргі не адрэагаваў, падкрэсліла маці актывіста. „Учора я адразу пагутарыла з сябрамі сына, мы дамовіліся, што сёння да яго прыйдзе адвакат, наняты з дапамогай „Прававой ініцыятывы”. Пётр хоча падаць скаргу на ўмовы ўтрымання”, — сказала яна.

9 снежня на пасяджэнні суда Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Мотыль прызнала Маркелава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзіла яго на 14 сутак арышту за інцыдэнт на выбарчым участку 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

На парламенцкіх выбарах Пётр Маркелаў з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка. Актывіст быў затрыманы на выбарчым участку № 286 па Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы № 99. Інцыдэнт на ўчастку пачаўся з таго, што Маркелаў і Шашок абурыліся вынікамі падліку галасоў. „Мы з назіральнікамі глядзелі і лічылі — толькі ў дваіх членаў камісіі галасоў за мяне было больш за 70. Я ў асноўны дзень перамагаў па ўсіх бюлетэнях, а старшыня камісіі мела нахабства сказаць, што ў мяне ўсяго 46 галасоў. Калі б яны гэтую лічбу агучылі па выніках датэрміновага галасавання, я б яшчэ мог сцярпець, але па асноўным дні я проста не мог маўчаць, яны ўсе нахабна хлусяць. Я па ўсіх бюлетэнях перамагаў”, — заяўляў Шашок.

Паводле яго слоў, яны запатрабавалі пералічыць галасы, Маркелаў уключыў відэаздымку і вёў трансляцыю ў „Фэйсбуку”. У адказ камісія выклікала супрацоўніка міліцыі. „На мае словы пра фальсіфікацыю выбараў супрацоўнік не рэагаваў. Мы працягвалі патрабаваць пераліку галасоў, а скончылася ўсё тым, што зайшлі чалавекі чатыры з міліцыі і чалавек у цывільным, які даваў ім каманды”, — распавядаў Шашок.

Маркелава затрымалі і павезлі ў РУУС, Шашок быў прыцягнуты ў якасці сведкі.

У дачыненні да Маркелава былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, пазней яго адпусцілі з міліцыі.