Ці мусіць Еўразвяз уключыцца ў перамовы паміж Менскам і Масквой?



Беларуская дыскусія пра незалежнасць і інтэграцыю з Расеяй – якое тут месца Еўропы? Дэпутаты Еўрапейскага парламента заклікаюць далучыцца да дыскусіі і арганізаваць трохбаковыя еўрапейска-беларуска-расейскія кансультацыі з гэтай нагоды.

Кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч нагадвае, што ўлада  ў Беларусі ў вачах Еўропы – нелегітымная. Таму для яго няясная роля Еўразвяза ў гэтым працэсе.

– Казаць пра тое, што гэта нейкі перамоўны працэс, на якім маюць права вырашаць такія пытанні, не выпадае. Прысутнасць Еўразвяза, гэта як прысутнасць на нейкай бандыцкай сходцы, дзе дзеляць нарабаванае. І глядзець, ці правільна будзе размеркавана гэта нарабаванае, ну, хіба што не такую ролю хацелі б прадстаўнікі дэмакратычных краінаў. Замест гэтага нагляду і спробы стаць трэцім бокам, я б чакаў ад іх больш выразна акрэсленай пазіцыі адносна нелегітымнасці самога працэсу.

У Менску і рэгіёнах беларусы пратэстуюць супраць так званай «паглыбленай інтэграцыі», пакуль што з Еўропы гучаць толькі словы салідарнасці. 

Еўразвяз павінен быць больш актыўным, калі гаворка вядзецца пра магчымую страту незалежнасці ў рамках так званай паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Так выказваецца шэраг апазіцыйных беларускіх палітыкаў, сярод якіх сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай Хрысціянкай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які перакананы: у Еўропе не зацікаўленыя, каб яшчэ больш страціць Беларусь, кажа палітык.

– Гэта ўжо б абазначала, што ЕЗ ставіць гэта пытанне на самым высокім роўні ў павестку дня. Гэта надзвычай важна, таму што, я хачу сказаць, захаваць інтарэсы Беларусі складана. Бо пасля апошняй выбарчай кампанні таксама новая хваля расчаравання ў Еўразвязе. Еўрапейцы стаяць з адкрытымі далонямі да ўладаў Беларусі, да Беларусі. Яны адркрытыя да камунікацый. А вось брутальная фальсіфікацыя выбараў зніжае спадзеў на тое, што нейкія перспектывы развіцця двухбаковых стасункаў з Еўразвязам магчымыя.

Чакаецца, што ў Санкт-Пецярбургу 20 снежня адбудзецца асобная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. У папярэдні раз яны сустракаліся ў Сочы 7 снежня і абмяркоўвалі «дарожныя мапы» паглыблення інтэграцыі і пытанні паставак расейскага газу. Сустрэча ў закрытым фармаце працягвалася больш за 4 гадзіны, пасля яе Лукашэнка пакінуў рэзідэнцыю расейскага прэзідэнта без заявы для прэсы. Кіраўнік Беларусі не выключае яшчэ некалькіх раўндаў перамоваў з Расеяй па «балючых пытаннях». Пра гэта ён заявіў 13 снежня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў, паведамляе БелТА.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя