Ператрус у рэдакцыі тэлеканала АТR



Сімферопальскі офіс тэлекампаніі АТR ужо некалькі гадзін заблакаваны, супрацоўнікі ФСБ праводзяць у памяшканнях крымска-татарскага тэлебачання ператрус.

Падставай для ператрусу крымскія праваахоўнікі называюць пошук відэаматэрыялаў, звязаных з мітынгам крымскіх-татар 26 лютага мінулага года супраць правядзення сесіі Вярхоўнай Рады Крыму прарасейскімі дэпутатамі. Супрацоўнікі ФСБ вынялі серверы ў будынку тэлеканала. Сам тэлеканал пакуль працягвае вяшчанне.

Паводле намесніцы генеральнага дырэктара тэлеканала АТR Ліліі Буджуравай, ператрус – гэта толькі падстава для крымскіх уладаў, каб перашкодзіць у працы канала:

– Уладу відавочна не задавальняе само існаванне першага і адзінага ў свеце крымска-татарскага тэлеканала, галоўная мэта якога не палітыка, а захаванне і развіццё мовы, культуры свайго народа. Уладу відавочна не задавальняе існаванне тэлеканала, як аднаго з асноўных фактараў інфармацыйнай прысутнасці крымскіх татар на паўвыспе, іх паўнавартаснага вяртання на радзіму пасля паўстагоддзя дэпартацыі і складанасцяў першага дзесяцігоддзя рэпатрыяцыі. Як пасля закрыцця ATR, калі ёсць такія планы, улада будзе глядзець у вочы крымскім татарам?

Рэпрэсіі супраць крымскіх татар мясцовая ўлада пачала пасля актыўнага байкоту так званага рэферэндуму пра далучэнне да Расеі ў сакавіку летась. На сёння многім лідарам крымска-татарскага народа забаронены ўезд на тэрыторыю Крыма. У будынках нацыянальных арганізацый праводзіліся ператрусы. Акрамя таго, за год выкралі і забілі некалькі дзясяткаў крымскіх татар.

Беларускае Радыё Рацыя