Сяргей Шаранкоў стаў чэмпіёнам Еўропы па цяжкай атлетыцы



Беларускі спартовец Сяргей Шаранкоў у вагавай катэгорыі 89 кг стаў пераможцам чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод спартоўцаў да 17 гадоў у ізраільскім Эйлаце. У суме двубор’я Сяргей справіўся з вагой у 357 кг (165 у рыўку + 192 у штуршку). Беларус усталяваў таксама рэкорды свету і Еўропы ў рыўку, штуршку і суме двубор’я сярод юнакоў да 17 гадоў. Таксама беларуска Дыяна Саўчанка ў вазе 76 кг заняла трэцяе месца ў суме двубор’я з вынікам 174 кг (79 + 95).

Хакеісты моладзевай зборнай Беларусі перамаглі славенцаў

Беларуская „маладзёжка” святкавала другую перамогу на чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне, які праходзіць у Менску. З лікам 4:1 беларусы абыгралі славенцаў. На 31-й хвіліне сустрэчы Алег Качалоўскі, пазней прызнаны найлепшым гульцом матчу, адкрыў лік. У трэцім перыядзе гаспадары турніру яшчэ тройчы прымусілі капітуляваць брамніка зборнай Славеніі. Вызначыліся Андрэй Паўленка, Ілля Салаўёў і Аляксей Протас. На жаль, галкіперу беларускай зборнай Аляксею Коласаву захаваць сваю брамку ў недатыкальнасці не ўдалося. Калі да фінальнага свістка заставалася менш за хвіліну, Марціна Бохнінц закінуў шайбу прэстыжу і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы. Заключную гульню чэмпіянату беларусы правядуць у нядзелю. Тады ж і стане вядомы адзіны ўладальнік пуцёўкі ў эліту сусветнага маладзёжнага хакея.

Юніёрская зборная Беларусі выйграла другі на турніры ў Латвіі

Юніёрская зборная Беларусі па хакею святкавала другую запар перамогу на міжнародным турніры ў латвійскай Елгаве. Пасля вікторыі над аднагодкамі з Казахстана падначаленыя Аляксандра Румо з лікам 4:1 абыгралі рэзервовы склад моладзевай каманды Латвіі. Першы перыяд завяршыўся безгалявой нічыёй. Пасля перапынку лік у матчы адкрылі беларусы. Аляксандр Сувораў рэалізаваў большасць праз 20 секунд пасля таго, як выдалены гулец пакінуў лёд. Заключны адрэзак матчу таксама пачаўся пад дыктоўку беларускіх юніёраў. Аляксандр Пальчык, Даніла Клімовіч і Яўген Сапельнікаў давялі лік да буйнога. Адзінае, што ўдалося прадстаўнікам гаспадароў, – шайба прэстыжу.

Канадскі абаронца папоўніў склад менскага „Дынама”

Канадскі абаронца Мэцью Маён папоўніў склад менскага „Дынама”, з ім падпісаны пробны кантракт. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце „зуброў”. У Мэцью Маёна за плячыма ёсць досвед выступаў у КХЛ. Раней ён абараняў колеры рыжскага „Дынама”, набраўшы ў 58 паядынках 46 (11 + 35) ачкоў. Са сталіцы Латвіі паўночнаамерыканец адправіўся ў „Кунлунь”. Але там не бліснуў, аддаўшы тры выніковыя перадачы ў 16 гульнях. Магчыма, такая статыстыка стала не апошнім аргументам пры датэрміновым скасаванні кантракту. „Перш чым прыняць рашэнне аб падпісанні, трэнерскі штаб добра вывучыў яго кандыдатуру, упэўненыя, што не памыліліся з выбарам. Тое, што ў Маёна не атрымалася ў „Куньлунь”, нічога не значыць – так бывае ў прафесійным хакеі. Мы рады вітаць Мэцью ў „Дынама” і верым, што ён паспяхова пройдзе прагляд і дапаможа нашай камандзе стаць лепш”, – цытуе словы генеральнага дырэктара „Дынама-Менск” Дзмітрыя Баскава прэс-служба сталічнага клуба.

Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі „Уралачцы-НТМК”

Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі екацярынбургскай „Уралачцы-НТМК” у матчы 9-га тура расейскай суперлігі з лікам 1:3. Падначаленыя Мікалая Карполя прыехалі ў Менск, як лідары суперлігі, і дзяліцца ачкамі з беларускай камандай у іх планы відавочна не ўваходзіла. Зрэшты, першая партыя прайшла зусім не па сцэнары адной з самых тытулаваных каманд Расеі. „Менчанка”, захапіўшы лідарства з самага пачатку сэта, яго выйграла. Але замацаваць яго камандзе Віктара Ганчарова не ўдалося. Наступныя тры сэты расейкі пакінулі за сабой, запісаўшы на свой рахунак чарговыя тры ачкі. Самай выніковай ў складзе „Менчанкі” была Вольга Багданава, якая зарабіла 16 ачкоў. Беларускі клуб пасля дзевяці тураў займае 11-е месца ў турнірнай табліцы суперлігі.

Валейбаліст зборнай Харватыі стаў гульцом салігорскага „Шахцёра”

Адзін з лідараў валейбольнай зборнай Харватыі Іван Раіч, які грае на пазіцыі дыяганальнага, папоўніў склад салігорскага „Шахцёра”, паведамілі ў прэс-службе шматразовых чэмпіёнаў Беларусі. Пагадненне харвацкага валейбаліста з беларускім клубам падпісана да канца спаборніцкага года. Як адзначылі ў трэнерскім штабе „гарнякоў”, гулец закліканы ўзмацніць напад каманды з улікам маючых адбыцца важных гульняў па ходу сезона. У „Шахцёры” харват будзе выступаць пад 11-м нумарам.

Абаронца Максім Вітус растаўся з берасцейскім „Дынама”

Вітус правёў у камандзе тры сезоны, прыняў удзел у 89 матчах у рамках розных турніраў, забіў адзін мяч і аддаў дзве галявыя перадачы. У 2017 і 2018 годзе абаронца разам з берасцейскім „Дынама” стаў уладальнікам Кубка Беларусі, у 2018 і 2019 – Суперкубка краіны, а сёлета стаў чэмпіёнам Беларусі. У гэтым сезоне Вітус правёў 21 матч у вышэйшай лізе, выніковымі дзеяннямі ня вызначыўся.

Ёханэс Бё выйграў спрынт на этапе КС па біятлоне ў Хохфільцэне

Нарвежскі спартовец Ёханэс Бё перамог у спрынце на другім этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у аўстрыйскім Хохфільцэне. Дзеючы ўладальнік Вялікага хрустальнага глобуса пераадолеў дыстанцыю ў 10 км за 25 хвілін 7,8 секунды. Беларус Мікіта Лабастаў стаў 55-м, Сяргей Бачарнікаў – 56-ы. Раман Елетнаў заняў 64-ю пазіцыю, Антон Смольскі – 92-ю.

Гандбалісткі зборнай Іспаніі абыгралі нарвежак і выйшлі ў фінал чэмпіянату свету

Гандбалісткі зборнай Іспаніі ўслед за галандкамі выйшлі ў фінал чэмпіянату свету, які праходзіць у японскім Кумамота. У другім паўфінале іспанкі абыгралі суперніц з Нарвегіі з лікам 28:22. У першым паўфінальным паядынку спартоўкі з Нідэрландаў ва ўпартай барацьбе адолелі каманду Расеі з мінімальнай перавагай у ліку – 33:32.

Беларускае Радыё Рацыя