Апазіцыя дамовілася пра чарговыя пратэсты супраць інтэграцыі
Апазіцыя дамовілася наконт фармату і месца правядзеньня акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй.
Пасяджэнне аргкамітэта планаванай на 20 снежня акцыі адбылося ў Менску. Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня «Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі» Павел Севярынец. Паводле яго слоў, на сустрэчы прысутнічалі каля трох дзясяткаў чалавек. Цытата: «Ёсць і план „А”, і план „Б” на той выпадак, калі месца будзе недаступна. Стварылі дзясятак рабочых груп, якія займаюцца рознымі момантамі, у тым ліку міжнароднай дзейнасцю. Магчыма, гэта будзе камбінацыя розных акцый у рамках адной, але падрабязнасці мы зможам агучыць у панядзелак». Севярынец дадаў, што рыхтуюцца некалькі зваротаў. У прыватнасці, да расейскага грамадства, да супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур і да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Іх змест таксама будзе апублікаваны на прэс-канферэнцыі 16 снежня.
Тым часам, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада звярнулася да лідараў краін — падпісантаў Будапешцкага мемарандума з просьбай гарантаваць суверэнітэт Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня БСДГ Сяргей Чэрачэнь.
Зварот адрасаваны прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Барысу Джонсану і прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну. У ім падкрэсліваецца, што Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі і выказала „сваё цвёрдае імкненне да мірнага суіснавання ў сям’і еўрапейскіх і сусветных народаў”. Але пры гэтым „палітыкамі і экспертамі ўсё часцей абмяркоўваюцца розныя негатыўныя сцэнары наконт будучыні Рэспублікі Беларусь”, і падобныя дыскусіі „выклікаюць занепакоенасць” у аўтараў звароту.
Чэрачэнь паведаміў, што зварот падрыхтаваны ў межах кампаніі „Час Чэ”, накіраванай на захаванне незалежнасці Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя