Навагодні выбар



З году ў год, з набліжэннем навагодніх святаў, паўстае актуальная тэма: якую ялінку ставіць – жывую або штучную? Тэма перарастае ў дыскусію, сутнасць якой узважыць усе «за» і «супраць»: для многіх справа не толькі (і не столькі) ў грошах, а яшчэ і ў жаданні падысці да свята свядома і паклапаціцца пра прыроду.

Ёсць меркаванне пра тое, што купля штучнай елкі істотна паменшыць высечку лесу, але ж навагоднія дрэвы вырошчваюцца на спецыяльных плантацыях – дзялянках лесу, якія знаходзяцца ў ведамстве лясной гаспадаркі. Спецыялісты разлічваюць абарот іглічных дрэў, і, як толькі вывозіцца адна партыя, зямлю падрыхтоўваюць і зноў напаўняюць саджанцамі. Працэс вырошчвання – даволі працяглы, але ж і памер плантацый вылічаецца сотнямі гектараў. Вядома, гаворка не ідзе пра браканьерскія высечкі, дзе бязладна знішчаюцца дрэвы.

Як ні дзіўна, «Грынпіс» лічыць, што вытворчасць, транспарціроўка і ўтылізацыя пластыкавых елак наносіць экасістэме значна больш шкоды, чым высечка жывых дрэў. Штучныя елкі вырабляюць з прадуктаў нафтаперапрацоўкі. І ці варта толькі ўявіць, якая колькасць таксічных адходаў застаецца пасля вырабу пластыкавых елак. Але ж штучную елку можна выкарыстоўваць працягам многіх гадоў, тым самым, рабіць свой мінімальны ўклад у абарону прыроды.

Шчыра кажучы, у маёй сям’і перад кожным Новым годам стаіць гэты выбар, і ў апошні момант мы ўсё ж такі вырашаем купляць жывую ёлку або хвою. Але падыходзім да гэтага пытання адказна – купляем толькі на спецыялізаваных рынках і выключна ў таго прадаўца, які можа даць дазвольныя дакументы.

P. S. Прыехаўшы ў жніўні на ўзбярэжжа Міжземнага мора, і, парадкуючы змесціва валізы, я чымсьці моцна ўкалола палец. Якое было маё здзіўленне, калі я выявіла яловую іголку, якая тырчыць з абіўкі валізкі!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ