Анатоля Лябедзьку апыталі ў міліцыі па справе пікета салідарнасці



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў міліцэйскі пастарунак Цэнтральнага раёну беларускай сталіцы. Яго выклікалі, каб апытаць у справе акцыі салідарнасці з забітымі ў Парыжы 7-га студзеня журналістамі, якая прайшла ў Менску 11-га студзеня. «Апытанне цягнулася ўсяго паўгадзіны, сказалі, каб чакаў позву ў суд» , – паведаміў палітык.

– Прызнаў факт удзелу ў мерапрыемстве салідарнасці, прызнаў, што трымаў плакат. На астатнія пытанні, якія датычаць удзельнікаў гэтай акцыі, адмовіўся даваць тлумачэнні. Азнаёміўся з матэрыяламі “худой справы”, пісьмова патлумачыў сваю нязгоду з пратаколам ад адміністрацыйным правапарушеннем. Лічу гэта праявай палітычнай шызафрэніі. Мільёны людзей па ўсім свеце выказваюць салідарнасць. Беларусы павінны стаяць у баку і да гэтага не далучацца? Гэта дазволена толькі Лукашэнку і яго падначаленым.

Як чакаецца, Анатоля Лябедзьку будуць судзіць па артыкуле 32.24 Адміністрацыйнага кодэкса – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены паўторна на працягу года. Раней у міліцыі апыталі двух іншых удзельнікаў пікета – Дзмітрыя Кучука і Паўла Канавальчыка. Яны таксама пакуль не атрымалі позвы ў суд.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя