Алег Трусаў: Беларуская мова – гэта мова эліты
Родная мова – аснова любой нацыі. Таму 25 гадоў ідзе супраціў палітыцы прарасейскай улады ў Беларусі менавіта за выжыванне роднай беларускай мовы. Актыўныя і свядомыя грамадзяне нашай краіны ўсё робяць для таго, каб выратаваць і пашырыць беларускую мову. Нядаўна было адсвяткавана 30-годдзе Таварыства беларускай мовы.
Госць „Рацыі” – ганаровы старшыня ТБМ, рэктар універсітэта імя Ніла Гілевіча – Алег Трусаў.
РР: Чаму Вы выбралі асновай сваёй дзейнасці менавіта змаганне за родную мову?
Алег Трусаў: Гэта, відаць, таму, што я родам з цікавага горада. Гэта горад Мсціслаў. Знакаміты горад, адкуль выйшаў і Пётр Мсціславец, і Гарэцкія. Мсціслаў заўжды быў фарпостам Беларусі на Усходзе. І я ніколі не забуду, як закрывалі на маіх вачах беларускамоўную школу ў цэнтры Мсціслава. Мне тады было шэсць з паловай гадоў. І чамусьці мая бабуля – яна была настаўніцай, не хацела падпісваць перавод мяне ў рускую школу. І тады прыйшло начальства з райкама партыі і сказала: “жэншчына, еслі вы не падпішаце, то ваш унук не паступіць у Магілёўскі педінстытут”. І яна падпісала. Пра што гэта гаворыць? Што, калі знішчылі вышэйшую адукацыю на беларускай мове, то лёс школы смяротны. Таму нашая мэта – адрадзіць універсітэты па-беларуску.
РР: Як Вы ставіцеся да акцый, якія праходзілі 7-8 снежня супраць “паглыбленай інтэграцыі”?
Алег Трусаў: Вельмі станоўча. І я вельмі рады, што гэтыя акцыі сабралі велізарную колькасць моладзі. Гэта значыць, нездарма мы працуем з маладым пакаленнем. І мы бачым, што вырасла пакаленне незалежнай Беларусі, якое ні ў якія інтэграцыі гуляць не хоча.
РР: Вы звязваеце гэта з дзейнасцю ТБМ за гэтыя 30 гадоў?
Алег Трусаў: Канешне! Самы галоўны фактар любой нацыі – гэта мова. Знікае мова, ад народа нічога не застаецца. Мова заўжды галоўная прыкмета любой дзяржавы.
РР: Ужыванне беларускай мовы за трыццаць гадоў скарацілася.
Алег Трусаў: Я з вамі цалкам не згодзен. Справа ў тым, што за гэтыя 30 гадоў ад адмоўнага стаўлення большасці простых людзей да беларускай мовы мы маем цалкам станоўчае. Нягледзячы на ўціск, мы сталі гарадской нацыяй. Беларусь – адна з самых гарадскіх краін у Еўропе. Мы займаем трэцяе месца пасля Англіі і Бельгіі. А ў горадзе гарадская эліта зараз хоць пару слоў, а па-беларуску скажа. Зараз гэта мова эліты, гэта мова выключных людзей – пісьменнікаў, паэтаў. Не калгаснікаў. А вось сярод даярак і свінарак пайшоў рускі мат і трасянка. Вёска, якая ўвесь час давала мову, памірае. І там ужо носьбітаў мовы засталося няшмат. А самы беларускамоўны горад – Менск. У беларускамоўную школу ноччу людзі чаргу займаюць, каб дзяцей аддаць. У нас восем беларускамоўных школ і гімназій у Менску. І паступова большае колькасць беларускіх класаў. Напрыклад, у Магілёве быў адзін дзіцёнак, а зараз ужо дзесяць ці дванаццаць. Тыя ж Баранавічы. Куды ні паглядзіш, нейкі маленькі пад’ём ёсць.
Я – выкладчык. У мяне сотні студэнтаў. І калі раней, асабліва пасля рэферэндума, прасілі па-руску чытаць, то зараз я кітайцаў вучу па-беларуску. Кітайцы разумеюць, што вывучыць беларускую мову ім прасцей, чым рускую. Бо беларуская мова вельмі блізкая да кітайскай. У нас ёсць “дз” і “дж”. Кітаец можа сказаць “Дзякуй!” без акцэнта. А “Спасибо!” ён не скажа.
РР: Што чакае нашае нацыянальнае адраджэнне?
Алег Трусаў: Нашае нацыянальнае адраджэнне чакае новых патрыётаў – нашу моладзь. Калі нашы дзеці і асабліва ўнукі захаваюць мову, то адраджэнне пераможа. Страцім унукаў і дзяцей – страцім усё. Ёсць ужо тры пакаленні: ёсць дзяды – гэта мы, ёсць бацькі і ёсць унукі. Мы ўпершыню стварылі тры пакаленні свядомых беларусаў. А ранейшыя ў Курапатах ляжаць. Калі я загаварыў па-беларуску, мая бабуля плакала і казала – цябе за гэтую мову заб’юць! Бо яна бачыла 37-мы год. Зведала, што бывае з тымі, хто размаўляе па-беларуску.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Раацыя