Апазіцыя агучыла план пратэстаў у абарону незалежнасці



У Менску прайшла прэс-канферэнцыя, на якой прадстаўнікі вядучых дэмакратычных партый і арганізацый распавялі пра крокі ў абарону незалежнасці Беларусі, супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец распавёў,  што мітынг у абарону незалежнасці адбудзецца ў Менску 20 снежня. Збор удзельнікаў пачнецца а 18-й гадзіне на плошчы Каліноўскага, – так пратэстоўцы называюць сучасную Кастрычніцкую плошчу.

– З 18.30 да 19.30 – мітынг, дзе выступы будуць перамяжацца з масавымі спевамі. Спяваць будзем чатыры хіты, рыхтуйцеся, сябры: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Пагоня”, “Не быць скотам” і “Магутны Божа”. З 19.30 да 20.45 – шэсце па маршруце: плошча Каліноўскага – праспект Незалежнасці – праз сквер Міцкевіча да Нямігі – ад Нямігі па Зыбіцкай ізноў на Кастрычніцкую. І там ланцуг уздоўж праспекта са сцягамі і плакатамі. Заўтра ў 12.00 падаем уведамленне ў Менгарвыканкам, што мы рыхтуем такую акцыю.

Па словах Паўла Севярынца, паколькі пра перамовы кіраўнікоў Расеі і Беларусі па паглыбленай інтэграцыі 20 снежня стала вядома позна, то падаць афіцыйую заяўку ўжо не было часу.

Таксама Павел Севярынец сказаў, што мітынг пратэсту плануецца працягнуць на Кастрычніцкай плошчы і 21 снежня, у 14 гадзінаў.  

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск