Да 95-годдзя беларускага кіно
17-га снежня штогод азначаецца Дзень беларускага кіно. Сваё прафесійнае свята адзначаюць рэжысёры, акцёры, сцэнарысты, аператары, грымёры і ўсе прыхільнікі нацыянальных фільмаў.
«Госць Рацыі» – беларускі рэжысёр, пісьменнік, даследчык кіно Уладзімір Арлоў як ніхто іншы можа бясконца распавядаць пра шлях кінематографа Беларусі і тыя постаці, без якіх гэты шлях быў бы немажлівы.
РР: Якая яна, школа беларускага кіно? З чаго ўсё пачыналася?
Уладзімір Арлоў: 17 снежня 1924 года была выдадзена пастанова пра стварэнне беларускай кінастудыі. Што ж высветлілася? У Менску няма вытворчай базы, няма вялікіх памяшканняў, няма тэхнікі, няма нават кадраў. Вырашылі стварыць студыю ў Ленінградзе, там усё было. Амерыканскае кіно стварылі прадзюсары-габрэі, выхадцы з былой царскай Расеі, з Польшчы і тэрыторыі, якую мы зараз называем Беларуссю. Браты Уорнэры, Луіс Майер, Самуэль Голдвін. І габрэі ж стварылі напачатку беларускі кінематограф у Ленінградзе. Нават там хадзіў такі жарт, што на беларускай студыі беларус толькі вахцёр, а астатнія – габрэі. Там сфармаваліся будучыя класікі савецкага кіно: Рыгор Рашаль, Марк Данскі, Уладзімір Вайншток ды іншыя.
Дыяпазон жанравы фільмаў студыі “Белдзяржкіно”, якая тады так называлася ў Ленінградзе, быў вельмі шырокі. Гэта былі гісторыка-рэвалюцыйныя фільмы, прыгодніцкія, напрыклад, экранізацыя “Палесскіх рабінзонаў” Янкі Маўра, пра сучаснасць, былі фільмы для дзіцячай аўдыторыі. І гэтую традыцыю потым працягнула ўжо ў нас у Менску пасля вайны наша студыя “Беларусьфільм” у асобах рэжысёраў Льва Голуба, Валодзі Бычкова, Лёні Нячаева.
РР: Ці можаце Вы назваць тры выбітнейшыя фільмы за ўсю гісторыю беларускага кіно?
Уладзімір Арлоў: Не, не магу. Ведаеце чаму? Незадоўга да смерці Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін, аглядваючы ўвесь беларускі кінематограф, сказаў: “Я так і не стварыў геніяльны фільм”. Я свой праект і кнігу сваю пра беларускае кіно заканчваю такім выразам: “Уладзімір Уладзіміравіч! У беларускім кіно геніяльнай стужкі не стварыў яшчэ ніхто. Чакаем!”
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sb.by