Еўразвяз выдзеліць больш за мільён еўра на кадастравае агенцтва Беларусі
На рэалізацыю твінінг-праекта, накіраванага на павышэнне патэнцыялу Нацыянальнага кадастравага агенцтва Беларусі, Еўразвяз накіруе больш за мільён еўра, паведаміў журналістам 17 снежня старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
«Праект разлічаны на два гады, прадугледжвае выдзяленне аднаго мільёна пяцідзесяці тысяч еўра», – сказаў Гаеў.
Ён адзначыў, што ў краіне прыблізна 10 млн аб’ектаў нерухомай маёмасці, і збіранай інфармацыяй пра яе неабходна эфектыўна кіраваць. Паводле слоў чыноўніка, сістэмы кадастраў нерухомасці ў Галандыі і Іспаніі зʼяўляюцца аднымі з вядучых у Заходняй Еўропе, і для Беларусі важна вывучыць вопыт гэтых краін.
«Актуальнасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што зараз у нас у краіне вялікая ўвага надаецца пабудове сучасных інфармацыйных рэсурсаў і сістэм, якія дазваляюць эфектыўна кіраваць нерухомасцю для розных мэтаў», – растлумачыў Гаеў.
У сваю чаргу кіраўнік аддзела палітыкі, эканомікі, прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўрапейскага звязу ў Беларусі Эвеліна Шульц паведаміла, што да рэалізацыі твінінг-праектаў, што фінансуюцца Еўразвязам, выказваюць цікавасць і іншыя дзяржаўныя арганізацыі Беларусі.
«Беларускія дзяржорганы выказваюць цікавасць да ўдзелу ў твінінг-праектах. Дзяржаўны пагранічны камітэт, МНС і Нацыянальны статыстычны камітэт зацікаўленыя ў рэалізацыі праектаў «Твінінг». Мы спадзяемся, што ў наступным годзе ўсе яны змогуць стартаваць», – паведаміла Шульц.
Першы твінінг-праект з Еўразвязам быў рэалізаваны Нацыянальным банкам Беларусі ў 2017–2019 гадах. Сродкі на такія праекты беларускі бок запытвае на «ўмацаванне патэнцыялу» дзяржарганізацый, укараненне ў дзяржорганах стандартаў працы, якія дзейнічаюць у аналагічных структурах Еўразвязу.
Фота: БелТА