Рыгор Кастусёў: Няхай бы толькі перамовамі ўсё і закончылася



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаўся наконт беларуска-расейскіх перамоў 20 снежня.

Нагадаем, што 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу працягнуцца перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі, якія тычацца «паглыбленай інтэграцыі». 8 снежня бакі ні да якіх канкрэтных вынікаў не прыйшлі.

Рыгор Кастусёў: Хацелася б, каб толькі перамовамі ўсё закончылася і 20 снежня. Падпісанне нейкіх дакументаў будзе азначаць, што беларускія ўлады пайшлі на саступкі Крамлю.

А патрабаванні Масквы простыя – больш прывязаць Беларусь да Расейскай Федэрацыі. У далейшай перспектыве – пазбаўленне эканамічнай і палітычнай незалежнасці. Нягледзячы на тое, што нашы чыноўнікі кажуць, што ніякай пагрозы для суверэнітэту няма, але мы ж бачым, што Пуцін усур’ёз вырашыў заняцца Беларуссю. Натуральна, што страта незалежнасці не адбудзецца ў адзін дзень, працэс будзе паступовы.

РР: Імперыя займаецца «збіраннем земляў»?

Рыгор Кастусёў: Па-першае, у расейскіх алігархаў вельмі ўзраслі апетыты на прывабныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, каб іх прыватызаваць на сваю карысць.

Натуральна, Крэмль жадае прывязаць да сябе Беларусь і ў палітычным плане ў выглядзе Саюзнай дзяржавы і стварэння наднацыянальных органаў, якія як быццам будуць кіраваць і Расеяй, і Беларуссю, хаця зразумела, што на карысць Масквы.

Пуціну патрэбна паказаць электарату напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2024 года, што ён працягвае займацца «збіраннем земляў» былога Саюзу. Пасля далучэння Крыма трэба будзе паказаць новы вынік, у якасці ахвяры, на мой погляд, і выбралі Беларусь.

Таму прагназую, што 20 снежня працягнуцца дастаткова няпростыя перамовы, і ў гэтай сітуацыі Лукашэнку ўсё складаней балансаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя