Што стаіць за прызнаннямі байца “эскадрону смерці”?
Былы фігурант “справы “Белага легіёна” Міраслаў Лазоўскі пракаментаваў сенсацыйнае прызнанне былога байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання.
Нагадаем, на Ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Вэле» з’явілася відэаінтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Мужчына падрабязна распавёў, як ён удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.
Міраслаў Лазоўскі: Мне, як і некаторым іншым, не вельмі верыцца, што гэты расказ быў экспромтам без прывязкі да часу. Як вядома, фільм “Хросны бацька” пра Лукашэнку, які расейцы паказалі ў свой час, таксама з’явіўся не проста так, а падчас чарговай газавай вайны з Расеяй.
Зараз прызнанні былога байца прагучалі акурат у час, калі ідуць спрэчкі пра так званую паглыбленую інтэграцыю. Выпадковасць?
РР: Вы бачыце ў гэтым “руку Масквы”?
Міраслаў Лазоўскі: Я тут нічога не бачу, а канстатую факты. Той жа былы начальнік следчага ізалятара Алег Алкаеў таксама ж выказаўся з той нагоды, што, магчыма, такім чынам беларускім уладам перакрываюць дарогу на Захад.
РР: На ваш погляд, ці можна верыць прызнанням былога спецназаўца?
Міраслаў Лазоўскі: Гэта задача для следчых органаў, бо той хлопец прыводзіў шмат канкрэтных фактаў, якія можна праверыць. Таму знешне ўсё падобна на праўду, але цяжка сказаць, як на самой справе.
РР: Ваш прагноз: чым закончыцца справа
Міраслаў Лазоўскі: Мяркую, нічым. У Беларусі могуць правесці фармальную праверку па дадзенай заяве, але на гэтым усё і скончыцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа