Суд пачаў разгляд пазову Берасцейскага аблвыканкаму да ТАА «АйПауэр»



У эканамічным судзе Берасцейскай вобласці 17 снежня адбылося папярэдняе пасяджэнне па іску Берасцейскага аблвыканкама да ТАА „АйПаўэр” аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў на судовым паседжанні, ісцец просіць суд спагнаць з ТАА „АйПаўэр” 5 млн 725 тыс. 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія не выканала свае абавязацельствы па дагаворы: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю акумулятарнага завода.

Паводле слоў Кісляка, на папярэднім пасяджэнні былі заслуханыя пазіцыі істца і адказчыка. Прадстаўнік ТАА „АйПаўэр”, у прыватнасці, не пагадзіўся з пазіцыяй аблвыканкама, заявіўшы, што крайні тэрмін уводу завода ў эксплуатацыю — другі квартал 2020 года. Пры гэтым ён спасылаўся на інвестыцыйны дагавор, заключаны ў 2017 годзе. Брэсцкі аблвыканкам у абгрунтаванні іску спасылаецца на інавацыйны дагавор, заключаны ў 2016 годзе. У адпаведнасці з гэтым дагаворам завод павінен быў быць пабудаваны і запушчаны ў эксплуатацыю да 31 ліпеня 2019 года.

Інвестыцыйны і інавацыйны дагаворы былі заключаныя паміж Брэсцкім аблвыканкамам і ТАА „АйПаўэр”.

„Аблвыканкам заявіў хадайніцтва аб разглядзе іску ў закрытым судовым пасяджэнні. Суддзя адмовіў у хадайніцтве. І актывісты змаглі прысутнічаць на гэтым пасяджэнні, — адзначыў Кісляк. — Такая пазіцыя аблвыканкама абуральная. Мы маем права на атрыманне інфармацыі аб тым, як трацяцца народныя грошы”.

Асноўнае судовае пасяджэнне па іску прызначанае на 14 студзеня.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” збудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Каля прадпрыемства з 3 мая кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідваў ў паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Пра парушэнні яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.

14 чэрвеня Брэсцкі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”. 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Брэстам атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель падчас прамой лініі, прычынай адмоўнага заключэння стала падаванне недакладных звестак.

2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта. Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы па дагаворы, праект не быў рэалізаваны ў названы тэрмін, аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх абавязацельстваў і 14 жніўня апавясціў „АйПаўэр” пра спыненне дамовы, запатрабаваўшы вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты апавяшчэння.

belapan.by