Віцябляніна будуць судзіць за публікацыю ў інтэрнэце афішы



Віцябляніна Аляксея Прохарава будуць судзіць за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «Жывым ланцугу за права быць незалежным» у Менску, паведамляе «Віцебская Вясна».

Нядаўна Аляксей даведаўся, што ў дачыненні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).

Пратакол склалі супрацоўнікі аддзялення міліцыі Віцебскага раёна. Паводле міліцэйскага пратаколу, Аляксей Прохараў зрабіў 3 снежня на сваіх старонках у сацыяльных сетках Facebook і «Вконтакте» публікацыі, якія ўтрымлівалі заклік да ўдзелу ў «Жывым ланцугу». Як мяркуюць міліцыянты, гэтым самым Прохараў парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 26 снежня ў судзе Віцебскага раёна.

Паводле spring96.org