Заўтра падаражэе праезд у некаторых цягніках і аўтобусах
У снежні вырасце кошт квіткоў на некаторыя цягнікі. Павышэнне коштаў закране цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа, міжрэгіянальных і міжнародных ліній. Падаражэе таксама пераафармленне білетаў у дзень адпраўлення. Таксама вырасце тарыфны збор за браніраванне месцаў для праезду ў прыгарадных і міжгародніх аўтобусах. Змены прадугледжаныя пастановай МАРГ № 94 ад 6 снежня гэтага года. Дакумент уступае ў сілу з 19 снежня.
Пастановай МАРГ павышаюцца гранічныя максімальныя тарыфы на паслугі транспартных чыгуначных тэрміналаў, прасцей кажучы, чыгуначных вакзалаў. Гэта ў тым ліку афармленне і пераафармленне білетаў на цягнікі.
Тарыф за афармленне білетаў у цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа і міжрэгіянальных ліній цяпер складае 15 капеек, а стане 30 капеек. То бок квіток на гэтыя цягнікі падаражэе на 15 капеек.
Таксама вырасце тарыф на афармленне білетаў на міжнародныя цягнікі: у адзін бок – да 70 капеек (цяпер – 50 капеек), туды-назад – да 1 рубля (цяпер – 90 капеек).
Падаражаюць таксама паслугі пераафармлення білетаў у дзень адпраўлення цягніка: на рэгіянальныя лініі бізнес-класа – да 30 капеек (цяпер – 15 капеек), міжнародныя – да 70 капеек (цяпер – 50 капеек).
Браніраванне месца цяпер каштуе 25 капеек, а будзе – 30 капеек.
Таксама даражэй стане аформіць вяртанне плацяжоў за нявыкарыстаны білет або перавозачныя дакументы на багаж. Да прыкладу, паслуга па вяртанні білета на цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа, міжрэгіянальных і міжнародных ліній (СНД і краіны Балтыі) падаражэе да 30 капеек (цяпер – 15 капеек). Да такой жа сумы падаражэе і паслуга па вяртанні абаненцкага квітка на праезд у цягніках гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканамкласа.
За афармленне вяртання білета на міжнародны цягнік па-ранейшаму трэба будзе заплаціць 90 капеек.
Яшчэ адно змяненне – вырасце тарыфны збор за браніраванне месца для праезду ў прыгарадных і міжгародніх аўтобусах рэгулярных зносін да 15 капеек.