Пераднавагоднія несур’ёзныя развагі



Глядзім на каляндар і паверыць не можам. Заканчваецца чарговы год. І прайшоў ён яшчэ хутчэй, чым папярэдні. А той папярэдні, праляцеў хутчэй за той, што быў перад ім… І так кожны раз. Раней, у дзяцінстве, нешта падобнае мы чулі ад бацькоў і дзядоў, зараз дзеці і ўнукі чуюць гэта ад нас. Для іх, пакуль што, хада часу з рознай хуткасцю ў залежнасці ад узроставага ўспрымання ёсць з’явай незразумелай. Зрэшты, як і для навукі. Чалавецтва пакуль яшчэ не даследавала належным чынам гэтай з’явы. А дарма.

Першым звярнуў увагу на розную хаду часу вялікі навуковец Альберт Эйнштэйн. Гэта ён прадказаў задоўга да мажлівасці праверыць эксперыментальна, што час у Космасе ідзе з іншай хуткасцю, чым на Зямлі. Пасля эксперыменты гэта пацвердзілі. А вось тое, што час і на Зямлі ідзе з рознай хуткасцю для розных людзей, чалавецтва заўважыла задоўга не толькі да нараджэння Эйнштэйна, але, хіба што, і задоўга да нараджэння самой навукі.

Зрэшты, разважаць пра час людзям не хапае часу. Мітусня забірае час. Ну а тое, што жыццё, гэта мітусня мітусні і іншая мітусня, можна пачытаць у Бібліі. Акурат напрыканцы году пачытаць гэтую Кнігу цягне больш, чым калі. Але ж мітусця… За ёй няма калі чытаць. Дзе ўзяць таго часу, які ляціць усё хутчэй і хутчэй…

Можа таму на канец года і выпадае так шмат святаў, каб за вясельным сталом, ля каляднай ялінкі, падчас дарэння падарункаў ды прыгатавання святочных страў, не лезлі ў галаву тыя думкі, пра непазбежнасць паскарэння хады часу з пройдзеным часам…  Ну калі гэта так, то нам, беларусам, лёс не дае мажлівасці пагараваць у канцы года пра наш лёс з-за колькасці тых святаў. Мяркуйце самыя. Каляды святкуем два разы. І разам з суседзямі і ўсім светам, і свае, ужо без суседзяў і ўсяго свету. Лёс наш беларускі такі. Мы іхныя святкуем, яны нашы не. Нават Новы год святкуем два разы. Новы год, і Стары новы год. А набор слоў які, “стары новы год”. Вось так, і новы, і стары ў адным флаконе. Парадокс, але факт. Як з тым часам, што ляціць неаднолькава для ўсіх…

Дарэчы, толькі з часам пачынаеш заўважаць, як шмат у нас святаў напрыканцы году. У асноўным па гарэлцы заўважаеш. Яна тут найлепшым індыкатарам праяўляецца. Бо арганізм ужо гарэлкі не прымае, бо знасіўся, у тым ліку і ад гарэлкі, а яе ўсё намагаюцца ўліць у чалавека як мага больш. Бо свята! А яно адно за другім. І Каляды, і Новы год, і Стары новы год… І паспрабуй толькі адмовіцца! Аніякія аргументы не прымаюцца другім бокам. Ні спасылкі на здароўе, ні нават забарона доктара, ні патрэба рана ўставаць назаўтра, ні завярэнні, што стаў цвярэзнікам і больш не ўжываеш ні кроплі… Нічога не дапамагае, акрамя аднаго. Ёсць адзін аргумент, які ахалоджвае пыл тых, хто запрашае выпіць. Гэта, калі вы скажаце, што вырашылі датрымаць пост ад пачатку і да канца. Ну могуць нясмела тады вам сказаць, што пост у дарозе аблягчаецца, што ёсць праўдай, або, што можна нейкі дзень адпасціць пазней, што таксама дапускаецца, але моцна настойваць ужо ніхто не будзе. Не любяць нашы людзі перашкаджаць Святой справе. Але ж спасылка на пост дзейнічае толькі да Калядаў. А там ужо ад праваслаўных Калядаў да Старога новага году ніякіх апраўданняў не знойдзеш. Адзінае выйсце, не паказвацца іншым на вочы. Яны тады пра цябе забываюцца і не шукаюць. Ага, будуць яны губляць на пошукі такі дарагі час, які і так ляціць усё хутчэй… Ды толькі сам не вытрымаеш. Сам выпаўзеш людзям на вочы. А яны і радыя.

А вось пасля Новага году развагі пра час больш так моцна не турбуюць. Бо на сцяне ўжо вісіць новы каляндар, а там напісана, што ўвесь год наперадзе. Доўгі такі год, у трыста шэсцьдзясят пяць дзён. Ці яшчэ даўжэйшы, як гэты, надыходны 2020-ы, высакосны, ажно ў трыста шэсцьдзясят шэсць дзён.

І гэта ўжо цікава. Ужо ніхто не зможа ў канцы 2020-га году, як зараз, сказаць, што год прайшоў хутчэй, чым папярэдні, бо гэта не будзе адпавядаць рэчаіснасці. Таму можна сказаць з пэўнай доляй упэўненасці, што невядома, якім ён будзе той новы 2020-ты год, лепшым, ці горшым, але з упэўненасцю можна заяўляць, што будзе даўжэйшым.

Ужо і добра! Ну і чым не прычына для радасці?!

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ