Макей: Значныя гістарычныя фігуры нельга дзяліць паміж краінамі
Значныя гістарычныя фігуры – гэта агульная культурная спадчына, іх нельга дзяліць паміж краінамі. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей на мерапрыемстве з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.
Мерапрыемства арганізавана МЗС сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем. У будынку міністэрства адкрылася выстава „Станіслаў Манюшка „Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, падрыхтаваная Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, быў прэзентаваны віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі „Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, выступілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Гэта чарговае з больш як 70 мерапрыемстваў, якія былі прысвечаны юбілею выдатнага кампазітара і прайшлі ў Беларусі. „Ён пакінуў значную спадчыну, якая ўзбагаціла сусветную культуру”, – адзначыў міністр. Уладзімір Макей нагадаў словы Манюшкі аб тым, што, выбраўшы мэтай свайго жыцця мастацтва, трэба займацца ім так, каб яно несла радасць і падтрымку людзям. „Мне здаецца, лепш не скажаш”, – заўважыў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць нямала прыкладаў асоб, якія належаць гістарычнай спадчыне розных краін. Гэта Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка. „Яны належаць не толькі нашай гісторыі. Ім даводзілася жыць на розных тэрыторыях, у розных дзяржавах. Яны належаць нашай агульнай спадчыне, суседнім народам. І не трэба дзяліць, прысвойваць і Станіслава Манюшку, і Адама Міцкевіча, і Кастуся Каліноўскага некаму аднаму. Яны нашы, агульныя, належаць усім нашым краінам”, – падкрэсліў міністр.
Ён выказаў упэўненасць у тым, што такое разуменне агульнай спадчыны з’яўляецца добрым фундаментам для выбудоўвання міжкультурнага дыялогу і эфектыўным інструментам для ўстанаўлення стратэгічных добрасуседскіх адносін на будучыню.
У сваю чаргу часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі лічыць, што, адзначаючы разам юбілей Манюшкі, дзве краіны прадэманстравалі ўменне „прыгожа аб’ядноўвацца”. „Дазвольце выказаць удзячнасць за тое, што мы ўмеем дзяліцца Манюшкам у лепшым разуменні гэтага слова, паколькі кожная з нашых краін лічыць яго ў пэўнай ступені сваім. Гэта не ўсім падабаецца, але, улічваючы біяграфію вялікага кампазітара, у нас няма іншага выйсця”, – з доляй гумару адзначыў ён.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прадстаўнікі сфер культуры і адукацыі Беларусі, а таксама партнёры камісіі, дыпламаты пасольстваў Літвы і Польшчы, кіруючыя супрацоўнікі Польскага інстытута ў Менску.
Юбілей Станіслава Манюшкі ўключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на гэты год, а сам 2019-ы афіцыйна аб’яўлены ЮНЕСКА годам кампазітара.