Суд не разгледзеў скаргу журналіста



Берасцейскі абласны суд не разгледзеў скаргу журналіста Яўгена Скрабца. Для гэтага яму патрэбна было каб суд задаволіў хадайніцтва аб аднаўленні тэрмінаў абскарджвання.

Такая мажлівасць прадугледжана заканадаўствам, што праўда ў суддзі Ніны Герасімук іншая пазіцыя на гэты конт:

– Скрабцу Яўгену Ігаравічу ў аднаўленні тэрміну на абскарджванне пастановы суда Маскоўскага раёна ад 7 чэрвеня 2019 года ў адносінах яго адмовіць.

Скарга і хадайніцтва былі на пастанову суддзі суда Маскоўскага раёна Берасця Рамана Карабана ад 7 чэрвеня 2019 года. Згодна ёй, журналіст быў пакараны 40 базавымі велічынямі штрафа (на той момант гэта 1020 беларускіх рублёў) за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя. Пра тую справу і штраф карэспандэнт даведаўся толькі ў кастрычніку ад судовага выканаўцы. Ён адразу ж абскардзіў дзеянні міліцыі і згаданага суддзі:

– Для мяне гэта не дзіўна, я паспрабаваў удакладніць у высокага суда аб матывах гэтага рашэння, на што адказу не пачуў. Зараз са знаёмымі юрыстамі вырашаем, што рабіць. Але так пакідаць гэта не збіраемся, таму што разгляд адміністрацыйных спраў без удзелу асобаў, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, можа ўвайсці ў спрацьзаконную практыку, што недапушчальна ў першую чаргу для мяне, як да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Што датычна персоны гэтай суддзі, то будзем шукаць інфармацыю, бо вядома, што раней яна ўжо разглядала падобныя справы з палітычным адценнем.

„Усю інфармацыю пра такую судовую і праваахоўную сістэму, пра практыку неадпаведных штрафаў трэба агучваць, каб людзі, для пачатку, ведалі з кім побач жывуць”, – падсумаваў журналіст.

Беларускае Радыё Рацыя