Ці варта запрашаць праўладныя арганізацыі на акцыі за незалежнасць?
Палітык Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму апазіцыя вырашыла звярнуцца да праўладных арганізацый, і што з гэтага можа атрымацца.
Больш за 15 палітычных партый і грамадскіх арганізацый падпісалі агульны зварот да беларусаў з заклікам выйсці 20 і 21 снежня на акцыі ў абарону незалежнасці. У сераду, 18 снежня, быў апублікаваны зварот да сілавікоў.
Раней было прынята рашэнне запрасіць БРСМ, «Белую Русь» і іншыя праўладныя структуры на акцыі ў падтрымку незалежнасці.
Віталь Рымашэўскі: Такая ідэя прагучала ад некаторых прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці, і патлумачу, чаму гэта адбылося. Справа ў тым, што незалежнасць павінна аб’ядноўваць усіх. Гэта кансенсусная каштоўнасць для ўсіх патрыётаў Беларусі.
Але асабіста я звяртацца да прастаўнікоў БРСМ ці “Белай Русі” не буду. На мой погляд, там працуюць людзі ў першую чаргу за нейкія матэрыяльныя дывідэнды, а не за нацыянальную ідэю. І калі заўтра Расея прапануе ім больш грошай, то, як мне падаецца, доўга думаць не будуць і з задавельненнем створаць арганізацыі расейскіх патрыётаў.
Таму сам я нават не буду траціць час, каб заклікаць гэтыя арганізацыі да нейкай кансалідацыі, хаця наша прапанова адкрыта для ўсіх. І калі хтосьці вырашыць далучыцца да нашых акцый за незалежнасць, то калі ласка.
РР: Праўладныя арганізацыі, відаць, і самі не гараць жаданнем кансалідавацца з вамі…
Віталь Рымашэўскі: Я перакананы, што ніхто ад іх не пойдзе на акцыі, бо яны “правільныя хлопчыкі” і робяць толькі тое, што ім дазваляюць гаспадары. Але, як кажуць, наша справа – прапанаваць, ваша – адмовіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Новы Час