«Галерэю Ў» закрываюць?



У Менску праходзіць аўкцыён, на які выставілі будынак па вуліцы Кастрычніцкая, 19. Калі яго прададуць, галерэю мастацтваў Ў могуць выселіць, піша The Village Беларусь.

Хто ж яшчэ, акрамя Ў працуе ў гэтым будынку?

Там знаходзіцца галерэя сучаснага мастацтва «Ў», кітайскі рэстаран Tan Chao, магазін Vino & Vino, веганская кухня Green + Go, рэстаран беларускай кухні Woogly, італьянскае кафэ Italiano!, Burger Lab, прастора Dandy Land і клуб Hide.

Калі будынак прададуць, усіх арандатараў могуць выселіць з памяшкання.

Як будынак на Кастрычніцкай, 19 апынуўся на аўкцыёне?

Будынак па адрасе вуліца Кастрычніцкая, 19 быў пабудаваны ў 1895 годзе і і прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яго ўладальнік – акцыянернае таварыства «Старая фабрыка».

Да таго, як у памяшканне заехала «Галерэя Ў», асноўным арандатарам была кампанія «БелИмпортМех» (брэнд «Шубамания»). У нейкі момант бізнесмены не змаглі выплаціць крэдыт – «Белінвестбанк» вырашыў рэалізаваць заклад, якім «Старая фабрыка» падмацавала крэдыт, і будынак на Кастрычніцкай апынуўся на таргах.

Чаму ўласнік думае, што аўкцыён парушае закон?

Адной з умоў для падтрымкі ў атрыманні крэдыту была ацэнка будынка. Было праведзена дзве ацэнкі.

Аднак цяпер, як запэўнівае ўласнік, аўкцыён праводзяць па старой, нізкай цане: 5.203.041 рубель 98 капеек. І гэта, на яго погляд, незаконна: павінны былі выставіць па цане ў 13,6 млн рублёў.

Так што будзе з «Галерэяй Ў» і іншымі ўстановамі?

– Мы ездзілі ў Міністэрства юстыцыі, падавалі скаргі, – каментуе прадстаўнік «Старой фабрыкі». – Будзем аспрэчваць таргі, таму што яны незаконныя. Адзін з нашых акцыянераў падаў пазоў аб прызнанні здзелкі аб залогу несапраўднай, суд будзе 26 снежня. Нам вядомыя і выпадкі, калі таргі прызнавалі незаконнымі.

Што будзе з будынкам потым? Яго могуць распрадаць па частках. Або дазволіць і далей заставацца тым жа арандатарам, але па кошце ў некалькі разоў большым, упэўнены ўласнік.

novychas.by

Фота: citydog.by