Гісторыка-краязнаўчы сайт “Павет” працуе 20 гадоў



20 гадоў ужо дзейнічае гісторыка-краязнаўчы сайт Лідчыны “Павет”. Яго кіраўніком з’яўляецца гісторык, краязнавец і пісьменнік Леанід Лаўрэш з Ліды.

Сайт “Павет” ведаюць амаль усе гісторыкі і краязнаўцы Беларусі. Ды і заглядваюць яны туды даволі часта, бо сайт, сапраўды, унікальны і цікавы. У сувязі з 20-годдзем “Павета” Радыё Рацыя вырашыла задаць некалькі пытанняў Леаніду Лаўрэшу.

РР: Спадар Леанід, споўнілася 20 гадоў сайту “Павет”. Юбілей сур’ёзны. Тым больш, што шмат гадоў падобным і дзейсным гісторыка-краязнаўчым сайтам сёння не можа пахваліцца ні адзін іншы раён Беларусі. І ўсе гэтыя гады Вы асабіста ім займаецеся. Ці так?

Леанід Лаўрэш: Так, сапраўды, ужо 20 гадоў лідскаму сайту “Павет”. Зараз ім акрамя мяне займаецца і іншая асоба, але ў асноўным, гэта як і раней, мой праект.

Пры канцы восені таго далёкага 1999 года я, не надта задумваючыся пра тое, што з гэтага можа атрымацца, вывучаў і эксперыментаваў з кампутарнай мовай, на якой тады ствараліся сайты – мовай разметкі HTML. У той час нават у інтэрнэце не было добрых падручнікаў па гэтай тэме, і мне  даводзілася шмат чытаць на англійскай мове інструкцый па HTML. Таму, калі першы, маленькі сайт з пяці старонак, цалкам напісаных рукамі, без выкарыстання якіх небудзь праграм-рэдактараў, запрацаваў, радасць мая была бязмежнай. І, памятаю, што інтэлектуальных высілкаў патраціў, як быццам здаў экзамен па вышэйшай матэматыцы.

Адразу на адным з амерыканскіх сервераў быў знойдзены бясплатны хостынг. Да таго часу адміністратар сайта ўжо меў вялікае замілаванне да беларускай гісторыі і таму адразу загрузіў у інтэрнэт некалькі артыкулаў з “Лідскага летапісца”. Такім чынам, новы сайт стаў гістарычным сайтам і з першых дзён свайго існавання атрымаў назву “Павет”. Да 20 снежня 1999 года “Павет” ужо быў праіндэксаваны ўсімі пошукавымі сэрвісамі і меў першых наведвальнікаў. У першыя месяцы цікава было адсочваць, як прыходзіла 5 – 10 наведвальнікаў у дзень і назіраць, што яны чытаюць. Улічваючы малалікасць карыстальнікаў інтэрнэту ў тыя часы, такая колькасць наведвальнікаў нават абнадзейвала. Прыкладна праз год сайт ужо стала наведвала 30 – 50 чалавек у дзень, што дазваляла рэсурсу нармалёва выглядаць сярод іншых беларускіх культурніцкіх сайтаў. Добра памятаю, што самыя “крутыя” беларускія сайты таго часу мелі па некалькі сотняў наведвальнікаў у дзень. Змяніўшы некалькі адрасоў, “Павет” з 2006 года стала знаходзіцца па адрасе: http://pawet.net.

Прыемна яшчэ,  што да “Павета” ставяцца ўжо як да культурна-гістарычнай каштоўнасці – ён адзін з тых сайтаў, пра які ёсць асобны артыкул у беларускай Вікіпедыі.

РР: Якая мэта была і застаецца сайту “Павет”? Для чаго і каго ён ствараўся? Ці ён абмяжоўваецца толькі падзеямі былога Лідскага павета, ці асвятляе нашу гісторыю шырэй?

Леанід Лаўрэш: Сайт з’яўляецца сховішчам, у асноўным, тэкстаў пра Беларусь, беларускую культуру і гісторыю. Распачынаўся сайт як чыста лідскі, але амаль што адразу стаў агульнабеларускім. Такім і з’яўляецца. Зараз агульнабеларускай інфармацыі на ім значна больш, чым лакальнай. Ёсць шмат тэкстаў на польскай мове. Наяўнасць вялікай колькасці матэрыялаў, якія рэпрэзентуюць беларускі пункт гледжання на нашу гісторыю і культуру, з’яўляецца вельмі неабходнай справай. У наш час дзейнічае прынцып: „Калі цябе няма ў інтэрнэце – цябе няма нідзе”. Мае вялікае значэнне і тое, што людзі, можа нават не задумваючыся над сэнсавым зместам інфармацыі для сваіх рэфератаў ці нейкіх іншых праектаў, заўжды без праблем могуць знайсці тэкст, які адлюстроўвае менавіта беларускі погляд і выкарыстаць нашу інфармацыю ў сваёй працы. Бо інакш яны выкарыстаюць чужыя погляды на нашу гісторыю і культуру. Такія сайты, як „Павет”, рэальна беларусізуюць інфармацыйнае асяроддзе.

РР: Колькі наведвальнікаў мае “Павет”? Ці пішуць лісты, ці дасылаюць свае думкі, уражанні, артыкулы чытачы “Павету”? І хто наогул?

Леанід Лаўрэш: На працягу года колькасць наведвальнікаў розная. Улетку заўсёды меншая, бо людзі адпачываюць. У лепшыя месяцы на сайт прыходзіць больш за 100 000 унікальных наведвальнікаў у месяц. Розныя аўтары, у асноўным гісторыкі, рэгулярна дасылаюць свае тэксты. Дарэчы, я даўно прызвычаіўся тэсціраваць чалавека на веданне беларускай гісторыі і культуры па тым, ці ведае ён гэты сайт. Надзейны тэст. Калі аналізаваць яндэкс-метрыку, усталяваную на сайце, каб даведацца, якія матэрыялы ідуць у першую чаргу, не цяжка ўбачыць, што галоўнымі чытачамі з’яўляюцца вучні школ і студэнты. Потым, верагодна, настаўнікі. І зараз самае галоўнае, у сайта добрая цытаванне ў сацыяльных сетках – г.з. на яго часта спасылаюцца ў сацыяльных сетках і абмеркаванні пры дыскусіях па розных пытаннях нашай гісторыі і культуры.

РР: Ці дапамог каму-небудзь сайт у пошуках нейкіх цікавых фактаў, біяграфій, сенсацый?

Леанід Лаўрэш: Магу сказаць толькі, што значана пашырыў мае асабістыя кантакты па ўсім свеце. Ведаю, што і шмат іншых людзей знаходзілі неабходную ім гістарычную ці генеалагічную інфармацыю. “Павет” выконвае свае функцыі.

РР: Якія планы на будучае ў сайта “Павет”?

Леанід Лаўрэш: Ужо некалькі гадоў выношваюцца планы перазапуска “Павета” на новым рухавіку і па новых тэхналогіях. Галоўная праблема – сайт вельмі вялікі і перарабіць яго – надзвычай няпростая праца. Але нешта будзе.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда