Суд не знайшоў экстрэмізму ў артыкулах “Вечернего Могилёва”



Там не ўлічылі экспертнае рашэнне «камісіі па экстрэмізме» пры Міністэрстве інфармацыі, а рашэнне суддзя Аляксандр Бушлякоў абвясціў, грунтуючыся на заключэнні экспертызы, якую правялі эксперты Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. У рэшце рэшт газета “Вечерний Могилёв” змагла дамагчыся станоўчага для сябе рашэння суда.

Каментуе рашэнне Валянцін Цішко з кампаніі «Журналісты за талерантнасць».

– Рашэнне суда выглядае крышку дзіўным. У любым выпадку я ўсё адно пераможца. Я гэты махавік запусціў. А прайгралі тут толькі двое. Гэта Ленінскі РАУС Магілёва, бо іх прызналі прайграўшымі, і яны зараз мусяць сплаціць усе судовыя выдаткі. І прайграла, як па мне, камісія пры Міністэрстве інфармацыі, бо гэта іх рашэнне паставілі пад сумнеў. Цалкам магчыма, што РАУС падасць апеляцыю. Навошта ім прызнаваць сябе прайграўшымі і сплочваць судовыя выдаткі?

Валянцін Цішко сабраў каля дзясятка публікацый і скіраваў іх у Міністэрства інфармацыі, дзе экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму прыйшла да высновы, што два артыкулы з таго дзясятка, апублікаваныя ў газеце “Вечерний Могилёв”, утрымліваюць прыкметы экстрэмізму. Судовыя працэсы прыпыняліся з-за хадайніцтваў юрыста газеты Станіслава Леўчанкі аб правядзенні паўторных экспертыз. У выніку суддзя прыняў да ўвагі не ранейшую экспертызу камісіі пры Міністэрстве інфармацыі, а зробленую Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз.

* * * 

Суддзя не прыняў да ўвагі ранейшую экспертызу адмысловай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі, дзе акурат эксперты ўстанавілі праявы экстрэмізму. Суд спаслаўся на дадатковую, якую зрабілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі звяртае ўвагу на гэту асаблівасць беларускай медыя-прасторы.

– Непразрыстая сістэма прыняцця прызнання прадукцыі экстрэмісцкай. Улады абсалютна адвольна, у закрытым парадку  прызнаюць нейкія рэчы экстрэмісцкімі. І грамадства застаецца фактычна ў баку. Вось гэта непрымальна. А тое, што адбылося з “Вечерним Могилёвом”, то мне падаецца, што гэтае выданне ў нейкім ключы выгаднае ўладзе, таму і не знайшлі там экстрэмізму.

Суд Ленінскага раёна Магілёва 18 снежня прыйшоў да высновы, што  публікацыі газеты “Вечерний Могилёв”, у якіх Міністэрства інфармацыі выявіла гамафобныя выказванні, не з’яўляюцца экстрэмісцкімі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: TUT.by