Беларусь можа прадаваць Украіне да 6 млрд кВт/г электрычнасці ў год
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Белэнерга» Павел Дрозд.
Паводле спецыяліста, украінскі рынак адкрыўся для Беларусі ўлетку і ўжо ёсць добрыя вынікі.
– З 1 ліпеня ва Украіне адкрыўся рынак. Мы паспяхова на гэтым рынку пачалі працаваць. Каля 840 млн кВт/г экспартавалі. Ёсць 22 рамачныя кантракты з трэйдэрамі з Украіны. Яшчэ 36 трэйдэраў звярнуліся, гатовыя падпісаць кантракт па продажы электрычнай энергіі на гэты год і наступны. Усё будзе залежаць ад таго, з якой цаной, якім сабекоштам мы будзем прапаноўваць на рынак Украіны.
Зараз сярэдні кошт беларускай электрычнасці – чатыры з паловай цэнты ЗША за адну кілават/гадзіну.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск