У Кіеве, Вільні і Нью-Ёрку пратэставалі супраць анексіі Беларусі



Каля пяцідзесяці чалавек сабралася каля расейскай амбасады ў Кіеве на акцыю супраць анексіі Беларусі. Пратэст арганізаваў Рух салідарнасці «Разам».

Фота Бесат

У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі ўкраінскіх і беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, рухаў і партый, паведаміла прэс-служба «Разам». «Паглынанне Расеяй Беларусі прывядзе да катастрафічных наступстваў у краінах Балтыі, і ў Польшчы. Гэта пагражае і Украіне. Думаем, што павінна быць рэакцыя ўраду, прэзідэнта, Вярхоўнай Рады”, – заявіў намеснік старшыні Усеўкраінскага аб’яднання « Свабода » Юрко Сірацюк. Ён заклікаў беларусаў не баяцца і выходзіць на акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

Пікеты супраць паглыбленай інтэграцыі  Беларусі і Расеі прайшлі сёння таксама ў Нью-Ёрку і Вільні.

У Нью-Ёрку прадстаўнікі беларускай дыяспары выйшлі да будынку Арганізацыі абʼяднаных нацый у абедзенны час — каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасьці людзей.

У Вільні прадстаўнікі дыяспары пікетавалі амбасаду Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя