Пад амбасадамі Беларусі і Украіны ў Варшаве адбыліся пікеты



Удзельнікі акцыі патрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення людзей, якія былі арыштаваныя за ўшанаванне Нябеснай Сотні ў Менску, і пакарання для сілавікоў, што здзекваліся з затрыманых і дзяржаўнай сімволікі Украіны, а таксама звярнуліся да ўладаў Украіны з просьбай паўплываць на сітуацыю.

Удзельнік мерапрыемства Сяргей зазначыў, што рэакцыі амбасадаў на пікет былі абсалютна супрацьлеглымі:

– Каля беларускай амбасады нічога новага… Нашую просьбу перадаць петыцыю яны проста праігнаравалі. Нават ніхто не выйшаў, не адчыніў дзверы… Але вельмі адваротная рэакцыя была ў амбасадзе Украіны. Да нас выйшаў супрацоўнік амбасады, які зразумеў нашыя абурэнні, у ветлівай форме з намі паразмаўляў. Мы звярнуліся да ўкраінскіх улад, каб яны паўплывалі на беларускія ўлады ў справе вызвалення ўдзельнікаў акцыі.

Дарадца амбасадара Украіны Васыль Зварыч прыняў зварот ад пікетоўцаў, а таксама падзякаваў усім беларусам за падтрымку Украіны:

– Ад імя ўкраінскай дзяржавы хачу падзякаваць беларускаму народу, які салідарызуецца з намі ў барацьбе за еўрапейскія свабоды. Мы будзем заўжды памятаць пра гэта. І сёння, 26 студзеня, невыпадковы дзень, дзень нараджэння славутага беларуса Міхаіла Жызнеўскага. І мы са свайго боку, як Украіна, робім усё, каб гэтыя ахвяры не адбыліся намарна, а каб і Украіна, і Белаурусь адрадзіліся як еўрапейскія, дэмакратычныя дзяржавы.

Нагадаем, што 23 студзеня за ўскладанне кветак каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску актывісты апазіцыі Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі, Мікола Колас ды Вольга Нікалайчык былі асуджаныя на тэрміны ад 5 да 15 сутак зняволення.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава. Фота аўтара.