У Менску абмеркавалі альтэрнатыўную канцэпцыю нацыянальнай бяспекі



У Менску на сядзібе Партыі БНФ адбыўся выніковы круглы стол па падрыхтоўцы альтэрнатыўнай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Па словах вядучага мерапрыемства, намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, дакумент рыхтуецца ў межах „паглыбленага дыялогу”, – гэта сумесная ініцыятыва шырокага спектру беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў.

Як нагадаў Аляксей Янукевіч, праца ішла цягам году.

– Тытульнай тэмай гэтага круглага стала была нацыянальная бяспека ва ўмовах гібрыднай інтэграцыі. Менавіта сёння Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным і на парадку дня стаіць падпісанне нейкіх новых дакументаў пра паглыбленую інтэграцыю, якая сапраўды з’яўляецца першаснай крыніцай пагрозаў для нацыянальнай бяспекі і самога існавання Рэспублікі Беларусь. Таму былі абмераваны звязаныя з інтэграцыяй пагрозы, небяспекі, і што беларускае грамадства, беларуская апазіцыя, палітыкі могуць рабіць, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе.

У абмеркаванні канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Руху „За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі „Зялёныя”, Руху салідарнасці „Разам”. З аналітычнай справазадчай аб гібрыдных пагрозах Беларусі з боку Расеі выступіў эксперт Дзяніс Івашын.

Беларускае Радыё Рацыя