Ірына Крыўко паказала ў спрынце лепшы вынік сезона
Ірына Крыўко заняла сёмае месца ў спрынце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Ансі. Гэта лепшы вынік для беларусак у гэтым сезоне.
Крыўко не дапусьціла ніводнага промаху і прайграла пераможцы 44 секунды. Ірына Кручынкіна стала 46-й, Дынара Алімбекава – 57-й, Ганна Сола — 70-й. А першае месца заняла нарвежка Тырыль Экхаф, якая на шэсць секунд апярэдзіла францужанку Жусцін Брэза. Бронза дасталася чэшцы Маркеце Давідавай. Сёння па выніках спрынту пройдзе гонка пераследу.
Аляксандра Саснович выйшла ў паўфінал турніру ў Ліможы
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў паўфінал турніру ў французскім Ліможы. У чвэрцьфінале беларуска сустракалася з Жыль Белен Тайхман са Швейцарыі і перамагла ў двух сэтах – 6:3, 7:5. Гульня працягвалася гадзіну 35 хвілін. У паядынку за выхад у фінал Аляксандра згуляе з бельгійкай Грэтай Мінэн, якая перамагла расіянку Людмілу Самсонаву.
Юнас Энрат пакінуў „Дынама-Мінск”
Шведскі галкіпер Юнас Энрат пакінуў менскае „Дынама”. Кантракт скасаваны па ўзаемнай згодзе. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце „зуброў”. „Нам няпроста далося гэтае рашэнне, – адзначыў генеральны дырэктар беларускага клуба ў КХЛ Дзмітрый Баскаў. Удзячныя Юнасу за вялікі адрэзак гісторыі клуба, звязаны з яго выступам, але цяпер нам хацелася б рухацца далей. У бліжэйшай перспектыве плануем больш гульнявой практыкі даць беларускім брамнікам. Аляксандр Асіпкоў паступова аднаўляецца пасля траўмы, у размяшчэнне каманды вярнуўся з „маладзёжкі” Мікіта Талапіла. Наперадзе менскі чэмпіянат свету 2021, і пытанне аб тым, хто будзе абараняць брамку нашай зборнай, адкрытае”, – адзначыў Баскаў.
Шведскі галкіпер правёў 134 матчы ў складзе „зуброў” з каэфіцыентам надзейнасці 2,51 і 91,2% адбітых кідкоў, перапісаўшы некалькі клубных рэкордаў. У двух сезонах быў названы найлепшым гульцом „Дынама” па версіі заўзятараў.
Хакеіст зборнай Беларусі блізкі да пераходу ў топ-клуб КХЛ
Нападнік зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрый Буйніцкі блізкі да пераходу ў омскі «Авангард», паведамляе Belarushockey. Буйніцкі ў пятніцу растаўся з магнітагорскім «Металургам», у складзе якога набраў 1 (0 + 1) ачко ў 9 гульнях. У мінулым сезоне 22-гадовы форвард быў адным з лідараў менскага «Дынама», зарабіўшы 13 (10 + 3) выніковых балаў у 36 сустрэчах. З 2017 года Зміцер Буйніцкі выклікаецца ў зборную Беларусі.
Хакеісты „Нёмана” атрымаюць пуцёўку ў Лігу чэмпіёнаў у выпадку выйгрышу Кантынентальнага кубка IIHF
У Капенгагене прайшла нарада праўлення хакейнай Лігі чэмпіёнаў. На ёй абмеркавалі правы фіналістаў Кантынентальнага кубка IIHF цяперашняга сезону прэтэндаваць на ўдзел у наступным розыгрышы галоўнага турніру Еўропы. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што ўсе чатыры клубы, сярод якіх і гарадзенскі „Нёман”, адказваюць неабходным стандартам. Такім чынам, у выпадку перамогі падначаленых Сяргея Пушкова ў суперфінале Кантынентальнага кубка IIHF Беларусь будзе прадстаўлена ў Лізе чэмпіёнаў двума камандамі. Адну з пуцёвак у групавы этап турніру ў сезоне 2020/2021 атрымае „Нёман”. Другі пропуск дастанецца чэмпіёнам краіны альбо срэбраным медалістам у выпадку, калі золата выйграе гарадзенская дружына.
Сяргей Кавальчук можа стаць галоўным трэнерам берасцейскага „Дынама”
Па звестках Pressball.by, атрыманых з некалькіх крыніц, новым галоўным трэнерам берасцейскага „Дынама” можа стаць Сяргей Кавальчук. У мінулым сезоне беларускі спецыяліст займаў у клубе пасаду спартовага дырэктара. Кавальчук ужо працаваў настаўнікам берасцейцаў, у прыватнасці, пад яго кіраўніцтвам каманда выйграла Кубак Беларусі 2018. Прыярытэтным кандыдатам на пост рулявога „Дынама” раней лічыўся Алег Дулуб.
Мікель Артэта ўзначаліў лонданскі „Арсенал”
Былы паўабаронца Мікель Артэта прызначаны галоўным трэнерам лонданскага „Арсенала”. Кантракт з 37-гадовым спецыялістам падпісаны на 3,5 гады. Артэта ў бытнасць футбалістам выступаў у складзе „Арсенала” ў перыяд з 2011 па 2016 год. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера „кананіраў” працаваў Фрэдрык Юнберг. Былы шведскі футбаліст займаў гэтую пасаду на працягу трох матчаў пасля звальнення Унаі Эмеры. Артэта увайшоў у трэнерскі штаб Хасэпа Гвардзьёлы ў „Манчэстар Сіці” летам 2016 года. З тых часоў „гараджане” двойчы станавіліся чэмпіёнамі Англіі, бралі два Кубкі лігі, адзін Кубак Англіі і Суперкубак краіны. Адзін раз ім скарыўся Кубак Англіі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА