Беларускія Каляды прайшлі ў Варшаве
Беларускія Каляды прайшлі напярэдадні ў Беларускім Доме ў Варшаве. Найвядомейшыя прыгожыя Калядныя песні загучалі па-беларуску. У вечарыне прынялі ўдзел каля 50 чалавек – прадстаўнікі беларускай дыяспары і палякі, якім блізкая беларуская культура.
Пра гэта распавёў сузаснавальнік Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
– Быў фантастычны канцэрт Алеся Чумакова. Вельмі багата калядных песень: і ірландскіх, і беларускіх, і польскіх. «Ціхая ноч» у перакладзе Наталлі Арсенневай. І ўсё гэта было пад акампанімент сапраўдных беларускіх гусляў. Была файная Калядная вечарына.
Таксама раней Пасольствам Беларусі ў Польшчы была праведзена традыцыйная калядная сустрэча ў Цэнтральнай сельскагаспадарчай бібліятэцы ў Варшаве. Удзел у мерапрыемстве прынялі звыш 200 асобаў, у тым ліку дэпутаты Сейма і сенатары Польшчы, кіраўніцтва і актывісты аб’яднанняў беларускай нацыянальнай меншасці, Таварыства супрацоўніцтва “Польшча-Усход”. Мастацкую частку сустрэчы забяспечыў гурт “Вурай” з Беларусі, які выступіў з каляднай праграмай.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота dw.com