Плунге. Яшчэ адзін маёнтак роду Агінскіх
Так атрымалася, што гісторыя жыцця Міхала Клеафаса і яго знакаміты паланэз сталі часткай жыцця для многіх жыхароў Залесся (або Паўночных Афінаў!) яшчэ з дзяцінства.
Хтосьці ж у дадатак вельмі любіць Балтыку… Гданьск, Кёнігсберг, Паланга… Аднойчы летам давялося завітаць у Плунге і ўбачыць палац, пабудаваны ўнукам М. К. Агінскага.
Палац і парк у Плунге атрымаў фаварыт Кацярыны II Платон Зубаў у 1805-1806 гадах. І ўжо яго спадчыннік Аляксандр прадаў маёнтак Міхалу Агінскаму, які будуе тут новы каменны палац у стылі неарэнэсансу. Запрошаны нямецкі архітэктар Карл Лорэнц у 1879 годзе скончыў маштабнае будаўніцтва. Дах палаца ўпрыгожылі шматлікія скульптуры. Унутраныя памяшканні былі дэкараваны варшаўскім майстрам Казімірам Самерыа. Мэбля таксама прыехала адтуль… У траўні 1879-га адбыліся шыкоўныя ўлазіны! Ансамбль дапоўнілі стайні ў стылі неаготыкі, аранжарэя і шматлікія афіцыны… Аматар музыкі і бібліяфіл, князь Міхал Агінскі сабраў у Плунге шыкоўную калекцыю кніг, скульптур, рукапісаў і заснаваў аркестровую школу, дзе ў 1889-1892 гадах вучыўся вядомы літоўскі мастак і кампазітар Мікалай Чурлёніс.
Шпацыруючы па бруку старога парку ў летнюю спёку, ты не думаеш пра ўвесь гэты гістарычны бэкграўнд… Проста згадваеш роднае Залессе і адчуваеш, што вось-вось, яшчэ хвіліначка – і ты ўбачыш Марыю Агінскую, якая выйдзе на гаўбец палаца ў Плунге з кубачкам кавы – зірнуць на свае ружы. Атмасферная мястэчка – факт.
Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя