Аўтамабільнае паліва зноў падаражэе ў Беларусі 22 снежня



Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб павышэнні 22 снежня рознічных цэн на бензін і дызельнае паліва.

„Змена цэн на нафтапрадукты абумоўлена ростам цаны нафты. Сярэдняя каціроўка нафты за дзве дэкады снежня ўзрасла ў дачыненні да лістапада 2019 года з 63 да 66,6 долара ЗША за бараль”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,63 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,73 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,95 рубля, ДП — 1,73 рубля.

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — роўна праз тыдзень пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Папярэдні раз цана мянялася 15 снежня.

Варта адзначыць, што прэм’ер-міністр Сяргей Румас, выступаючы ў парламенце 5 лістапада, заявіў, што ўрад пакуль не бачыць перадумоў для росту кошту паліва. Ён звярнуў увагу, што ў гэтым годзе на 19 капеек паліва падаражэла і на 4 капейкі патаннела. „На сённяшні дзень перадумоў да таго, каб павышаць цэны на паліва, няма. Кошт нафты стабільны, эканоміка нафтаперапрацоўчых заводаў дазваляе працаваць пры тым узроўні цэн на паліва, які сфарміраваўся”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Пры гэтым ён не выключыў, што ў будучыні цана на паліва можа вырасці пры пэўных абставінах. „Урад будзе прытрымлівацца палітыкі па планамерным павышэнні цэн на паліва ў тым выпадку, калі будзе расці цана на нафту або будзе змяняцца курс беларускага рубля”, — падкрэсліў Румас.

belapan.by