Беларускія грузаперавозчыкі рыхтуюць акцыю пратэсту



Беларускія грузаперавозчыкі рыхтуюць на 4-га лютага акцыю пратэсту каля Дома ўраду. Як паведамляе “Радыё Свабода”, яны лічаць, што ўлады ўвялі сістэму BelToll без належнай падрыхтоўкі і прынеслі прыватным грузаперавозчыкам страты на дзясяткі тысяч еўра. Многім з іх гэта пагражае банкруцтвам.

Арганізатарам кампаніі супраць самаўпраўства ўлады стаў кіраўнік менскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода. Па ягоных словах, у 2013 годзе ў Беларусі стварылі сістэму платных дарог, але непасрэдных карыстальнікаў увесці ў курс справы забыліся — не было ні адпаведнай працы з перавозчыкамі, ні маштабнай інфармацыйнай кампаніі.

– Паўтара года мы хадзілі па кабінетах. Усё дарэмна. Усе нашыя чаканні, нашая вера ў справядлівасць рухнулі. Са жніўня 2013 года ўвялі платныя дарогі. Інфармацыя пра тое, як працуе сістэма, як ёй карыстацца, што ўвогуле гэта такое, была паўсакрэтнай. 

Як адзначыў Сяргей Штода, у выніку каля 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусілі сплачваць вялізныя штрафы за карыстанне сістэмай BelToll „не адпаведнае інструкцыям”. Некаторыя з кампаніяў атрымалі штрафы ў 100 тысяч еўра. Грузаперавозчыкі прапаноўвалі профільным ведамствам амніставаць спагнанні, прынамсі, за тэставы перыяд. Аднак чыноўнікі, паабяцаўшы падумаць, у выніку ісці насустрач адмовіліся. Па словах Штоды, кропку ў разглядзе паставіла Міністэрства фінансаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота cargolink.ru