Партыя БНФ заклікала ўлады ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства



Партыя БНФ заклікала ўлады Беларусі ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства згодна з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ. Пра гэта гаворыцца ў заяве аб палітычнай ацэнцы вынікаў парламенцкіх выбараў, прынятай на сойме Партыі БНФ у Менску.

Кіраўніцтва Партыі БНФ заяўляе, што цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў сфармаваны «праз антыканстытуцыйны і нелегітымны спосаб, які не быў выбарамі, а быў працэдурай адміністратыўнага прызначэння спіса лаяльных асобаў, якія не ёсць прадстаўнікамі беларускага народу».

У гэтай сувязі сойм Партыі БНФ заклікаў міжнародныя парламенцкія структуры, у тым ліку Парламенцкую асамблею Усходняга партнёрства (Еўранест) і Парламенцкую асамблею Савета Еўропы, «грунтаваць стасункі з Палатай прадстаўнікоў з улікам таго, што яе новы склад не быў абраны ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў».

Беларускае Радыё Рацыя