Тэму палітычных знікненняў у Беларусі абмеркавалі ў Менску
Тэму палітычных знікненняў у Беларусі, якія адбыліся 20 год таму, у 1999 годзе, абмеркавалі ў Менску палітыкі і экперты ў дыскусіі „Прафесійна аб актуальным”. Яна арганізавана цэнтрам „Еўрапейскі дыялог”. Нагодай для дыскусіі стала нядаўняе інтэрв’ю былога байца спецназу з ваеннай часткі ўнутраных справаў 3214 Юрыя Гараўскага, якое апублікавала Deutsche Welle (Нямецкая хваля). Былы спецназавец заявіў, што ўдзельнічаў у выкраданні беларускіх апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Ён назваў некалькі прозвішчаў удзельнікаў гэтага злачынства, сярод якіх палкоўнік Зміцер Паўлічэнка.
Па словах дырэктара цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоля Лябедзькі, гэта тэма ў апошія дні стала самай актуальнай у сродках масавй інфармацыі і інтэрнэце:
– Гэта суперактуальная важная тэма, таму што гэта не толькі палітычная тэма, гэта тэма сэнсу жыцця чалавечага. Упершыню за гэтыя часы з’явіўся чалавек, які гаворыць – я быў удзельнікам гэтых падзеяў. І калі гэта так, калі гэта будзе канчаткова даказана, то гэта маленькая рэвалюцыя для многіх людзей. Я дасведчаны ў гэтай тэме. Але ўжо вырасла пакаленне, якое пра гэта нічога не ведае. І таму задача гэтага мерапрыемства – гаварыць пра актуальныя праблемы, распавядаць, каб як мага большая колькасць людзей гэта ведала.
Па меркаванні кіраўніка сайту „Беларускі партызан” Святланы Калінкінай, крайне важна, што ўпершыню з’явіўся чалавек, які сам прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве беларускіх палітыкаў. Гэта трэба разглядаць як яўку з павіннай, – лічыць Святлана Калінкіна:
– Па ўсіх законах любой краіны на падставе такіх прызнанняў павінна весціся следства, яны павінны правярацца. А ў Беларусі чыстасардэчнае прызнанне нават кладзецца як грунт для прыгавора. І нават ніякіх доказаў часта не патрэбна. Таму, калі кажуць, што гэтаму чалавеку не трэба верыць, што гэта “расейскія ветры” ці яшчэ нешта, я такіх разважанняў, шчыра кажучы, не разумею. На мой погляд, ёсць яўка з павіннай.
І гэтай яўцы з павіннай неабходна даць юрыдычную ацэнку, – упэўнена Святлана Калінкіна
У выніку дыскусіі яе арганізатары і ўдзельнікі намецілі крокі для таго, каб дабівацца ўзнаўлення расследавання, высвятлення праўды і прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота dw.com