Сяргей Антончык: Усё ідзе да страты суверэнітэта



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, чым можа закончыцца для Беларусі “паглыбленая інтэграцыя”.

Нагадаем, што пасля апошняй сустрэчы кіраўнікоў Расеі і Беларусі стала вядома, што засталіся адкрытымі і нявырашынымі важныя для беларускага боку пытанні – па газе, нафце і падатках. Чым закончыцца гэтая інтэграцыя для Беларусі і беларусаў?

Сяргей Антончык: Як мне падаецца, зараз ідзе нейкая спецаперацыя, якая распрацаваная і расейскім, і беларускім бакамі. Усё астатняе – інфармацыйнае прыкрыццё гэтай аперацыі, і яно працягваецца ўжо на працягу некалькіх гадоў.

Калі трэба па кавалках здаць суверэнітэт, то тады ў інфармацыйнай прасторы пачынаецца магутнае змаганне беларускага і расейскага кіраўнікоў, укідваюцца нейкія кампраматы. Тады складваецца ўражанне, што паміж бакамі ідзе сапраўдная вайна, але насамрэч адцягваюць увагу ад самага галоўнага – таго, што ідзе здача незалежнасці.

РР: На ваш погляд, на якім сёння этапе мы знаходзімся?

Сяргей Антончык: Сёння падыйшлі да таго моманту, калі краіна, можна сказаць, паглынаецца на нашых вачах. Спачатку Масква апелявала да Саюзнай дамовы, а зараз пачалі ўзгадняць так званыя дарожныя мапы, што можа прывесці да поўнага паглынання краіны.

Хаця план паглынання распачаўся, натуральна, не сёння. Ён пачаўся пасля таго, як у краіне за апошнія дваццаць гадоў былі свядома разбураны ўсе падмуркі незалежнасці. Культурніцкія падмуркі, ментальныя, этнічныя… Фактычна выкінутай апынулася беларуская мова, нацыянальныя і гістарычныя сімвалы.

Пасля гэтага была моцная прывязка да Расеі, і такім чынам мы не маглі будаваць сваю эканоміку. Калі нацыя аказалася аслабленай, Крэмль і пачаў прасоўваць свае інтэграцыйныя праекты. Таму што ў Маскве ведаюць, што разбураная беларуская грамадская эліта не зможа падняць народ на абарону незалежнасці. Што мы і бачым, калі на акцыі прыходзяць па 100-200 чалавек. Хацеў бы памыліцца, але ўсё ідзе да страты суверэнітэта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя