Нацыянальны аэрапорт Мінск сустрэў 5-мільённага пасажыра
Упершыню за ўсю сваю гісторыю Нацыянальны аэрапорт Мінск абслужыў 5-мільённага пасажыра. Пра гэта паведамілі яго прэс-служба.
Юбілейным стаў пасажыр, які прыбыў з Франкфурта рэйсам LH1486 авіякампаніі Lufthansa. Зафіксаваны ў інфармацыйнай базе Нацыянальнага аэрапорта, Андрэй Пракопчык даведаўся аб сваім асаблівым статусе яшчэ ў самалёце – у салоне паветранага судна абвясцілі, што на борце знаходзіцца 5-мільённы пасажыр аэрапорта.
Урачыстая сустрэча кіраўніцтвам Нацыянальнага аэрапорта Мінск у VIP-зале стала нечаканай для авіяпадарожніка. Юбілейны пасажыр перарэзаў чырвоную стужку, як сімвалічны рубеж 5 000 000.
Упершыню мільённы пасажыр у Нацыянальным аэрапорце Мінск быў абслужаны 25 снежня 2008 года, у 2013 годзе ўрачыста сустракалі 2-мільённага пасажыра. 10 лістапада 2016 года, упершыню ў гісторыі грамадзянскай авіяцыі Беларусі, Нацыянальны аэрапорт Мінск сустрэў свайго 3-мільённага пасажыра за каляндарны год, а праз год, 19 снежня 2017 года быў абслужаны 4-мільённы пасажыр.