Алена Танкачова абскаржвае судовае рашэнне пра яе высылку з Беларусі



Праваабаронца Алена Танкачова працягвае абскарджваць судовае рашэнне пра яе высылку з Беларусі. Алена мае расейскае грамадзянства, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. Пакуль што тэрмін разгляду касацыйнай скаргі ў судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда не вызначаны.

Тэрмін знаходжання Танкачовай у Беларусі падоўжаны да 21-га лютага:

– Я павінна атрымаць афіцыйнае пісьмовае паведамленне пра тое, на якую дату прызначаны разгляд скаргі. Што тычыцца пытання высылкі, то як толькі з’явіцца рашэнне суда – у гэты момант заканчвюцца законныя прававыя аснаванні на падоўжанне знаходжання ў краіне. То бок я магу далей абскарджваць у парадку нагляда гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе, але, тым не менш, гэтае абскарджванне не будзе даваць мне магчымасці заставацца на тэрыторыі краіны.

Летась у лістападзе Алене Танкачовай прадпісалі на працягу месяца пакінуць Беларусь і забаранілі наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, які належыць Танкачовай. Сапраўднай прычынай высылкі Алена лічыць сваю праваабарочную дзейнасць.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя