Уладзімір Ганчарык: Трэба працягваць пошук праўды пра зніклых



Трэба працягваць шукаць адказы на пытанні аб знікненнях беларускіх апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага, – кажа былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Ганчарык.

Менавіта падчас ягонай выбарчай кампаніі ў 2001 годзе з’явілася інфармацыя пра „эскадроны смерці”, называліся канкрэтныя прозвішчы службоўцаў, датычных да выкраданняў і забойстваў. Зараз гэтая інфармацыя зноў агучана ў інтэрв’ю былога байца спецназу з вайсковай часткі 3214 Юрыя Гараўскага, які заявіў, што нібыта ў 1999 годзе прымаў удзел у гэтых выкраданнях і забойствах.

Па словах Уладзіміра Ганчарыка, новая інфармацыя падштурхоўвае працягваць пошук праўды пра зніклых.

– Тады гэта была злабадзённая тэма. Гэта быў такі шок. Як гэта можа быць! Многія наогул не верылі. Але гэтую справу трэба падцягваць. Цяпер з’явіліся новыя абставіны. І трэба ўсё зрабіць, каб улада не замаўчала ўсё гэта. Гэта галоўнае, над чым трэба працаваць. Каб людзі зразумелі, што гэта тадычыць кожнага – яго лёсу, яго блізкіх, родных. Улада адказная за тое, што адбылося ў краіне. Вось гэта галоўнае, што нам трэба зрабіць, каб людзі гэта зразумелі.

Уладзімір Ганчарык успамінае, што ў 2001 годзе, калі рыхтавалася яго перадвыбарчая кампанія, ён планаваў найбольшую ўвагу звярнуць на эканамічнае і сацыяльнае становішча ў краіне. Аднак з’явілася інфармацыя пра арганізатараў выкраданняў палітыкаў, пра тое, як яны адбываліся, і ён сам і яго каманда вырашылі, што замоўчваць гэтыя факты нельга. Тым больш, з улікам новай інфармацыі, нельга іх замоўчваць і зараз, – падкрэслівае Уладзімір Ганчарык.

Беларускае Радыё Рацыя