Пра адзін з самых крывавых канфліктаў канца ХХ стагоддзя



На фоне марафона калядных святаў і антыінтэграцыйных акцый амаль незаўважна прайшоў адзін важны юбілей. 24 снежня 1979 года, то бок 40 гадоў таму, крамлёўскія старцы з Палітбюро прынялі рашэнне аб аказанні братэрскай дапамогі афганскаму народу. Здзейсніць рывок з “феадалізма” ў сацыялізм пры дапамозе доблеснай Чырвонай арміі ва ўладаў Афганістана, аднак, не атрымалася. Афганцы аказаліся надзвычай непрыдатным народам для таго, каб падтрымліваць сацыялістычныя эксперыменты. Афганская вайна, як і тэхнагенная катастрофа на ЧАЭС, стала адной з прычын распаду камуністычнай імперыі. У апошнія гады існавання СССР кіраўніцтва краіны рабіла мноства памылак, якія проста не пакідалі шансу на тое, што гэтая дзяржава захаваецца ў ранейшых межах. За 10 гадоў чужой вайны ў баявых дзеяннях ва Афганістане ўдзельнічала каля 28 тысяч беларусаў, з якіх 771 загінулі, а 12 дагэтуль лічацца зніклымі без звестак.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, апошнім вайскоўцам, які пакінуў афганскую зямлю ў лютым 1989 года стаў камандуючы савецкай вайсковай групоўкай генерал Барыс Громаў. Насамрэч жа яшчэ амаль год у Афганістане працягвалі весці службу памежнікі, у палоне душманаў знаходзілася многа савецкіх салдатаў.

Па завяршэнні вайсковай місіі ў Афганістане савецкае кіраўніцтва сарамліва казала пра паспяхова выкананы інтэрнацыянальны абавязак, хаця ў рэальнасці імклівы сыход выглядаў ледзьве не панічнымі ўцёкамі. Увядзенне на тэрыторыю суверэннай дзяржавы абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў кіраўніцтва СССР тлумачыла дапамогай “братняму народу Афганістана”. Насамрэч дапамога братняму народу выявілася ў звяржэнні аўтарытарнага рэжыма Махамеда Дауда, які раней арганізаваў змову супраць свайго сваяка Захір-Шаха. У красавіку 1978 года не без удзелу савецкіх спецслужбаў у Афганістане здарылася рэвалюцыя, а да ўлады прыйшлі прасавецкія таварышы з Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана. І вось менавіта ўладу гэтых ідэалагічна блізкіх да савецкіх камуністаў людзей і абаранялі воіны-інтэрнацыяналісты цягам 10 гадоў. Што праўда, з кожным годам савецкай прысутнасці колькасць апанентаў СССР у Афганістане расла, а ўзброеныя фармаванні апазіцыі кантралявалі каля 70% тэрыторыі рэспублікі. Пасля вывада савецкіх войск рэжым НДПА праіснаваў усяго тры гады, а краіна на доўгі час трапіла пад кантроль ісламістаў.

У масавай свядомасці жыхароў Беларусі вайна ў Афганістане асацыюецца з распадам камуністычнай імперыі, цынкавымі трунамі і хлопцамі з посттраўматычным сіндромам. За 10 гадоў ваеннай аванцюры праз крывавыя жорны прайшло ля 620 тысяч вайскоўцаў, спецслужбістаў і міліцыянтаў. Страты жывой сілы склалі больш за 15 тысяч чалавек. Але мала хто з беларускіх грамадзянаў ведае пра тое, што ваенная аперацыя ў Афганістане мае ўсе прыкметы генацыда афганскага народу. За час вайны загінула ад 1 да 2 мільёнаў афганцаў. Гэтая лічба толькі ў малой ступені дае ўяўленне пра характар Афганскай вайны, калі савецкія вайскоўцы, па сутнасці, удзельнічалі у ваенных злачынствах. Але сама гісторыя расставіла ўсё на свае месцы. Галоўным вынікам Афганскай вайны стала знікненне з палітычнай мапы свету СССР – краіны, якая развязала адзін з самых крывавых канфліктаў на планеце ў другой палове ХХ стагоддзя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ