Дзяніс Садоўскі: Палітыка “і нашым, і вашым” працягваецца
Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі распавёў пра тое, як апошнім часам змяняецца рыторыка беларускага кіраўніка.
Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) было беларускай дзяржавай, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы».
“Гэта была беларуская дзяржава, і літоўцы там былі, частка палякаў. Беларускае. І ніхто не аспрэчвае сёння», – дадаў беларускі кіраўнік.
Дзяніс Садоўскі: Зараз вельмі шмат інфармацыйных укідаў і заяў з усіх бакоў. Той жа Лукашэнка, напрыклад, спачатку кажа, што ў Беларусі трэба ўсталёўваць помнікі Сталіну, а праз час успамінае, што ВКЛ – гэта беларуская дзяржава, а Беларусь ад Расеі будзе абараняць НАТА.
То бок, чалавек гуляе на два бакі, і гэта не павінна для кагосьці стаць адкрыццём. Палітыка “і нашым, і вашым” працягваецца ўжо даўно і не можа нікога падманваць. Хаця, відаць, кожны бок чуе тое, што яму падабаецца чуць.
РР: Якія перспектывы інтэграцыі з Расеяй?
Дзяніс Садоўскі: Пакуль усе абмяркоўваюць чарговыя гучныя заявы, якраз і ідзе праца над ўзгадненнем дарожных інтэграцыйных мапаў. А вось народ ніякай сур’ёзнай інфармацыяй з гэтай нагоды, як не валодаў, так і не валодае.
На жаль, з заяў Крамля можна зрабіць выснову, што для Беларусі сітуацыя не вельмі добрая. А рэзкія заявы сведчаць толькі пра адно – Масква ўчапілася рукамі ў горла беларускай незалежнасці і не збіраецца ад гэтага адступацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя