Царква Святога Пятра з найпрыгажэйшым разным алтаром



Царква Святога Пятра ў шведскім Мальмё з’яўляецца самай старой царквой, а таксама найстарэйшым цагляным будынкам, які захаваўся, і першапачаткова адзінай парафіяльнай царквой горада.

Месціцца прыгожы храм Святога Пятра ў цэнтры Мальмё,  бачны ён з розных кропак горада. Яго вежа дастаткова высокая, вышэй за сто метраў. 

Будавалі гэты храм вельмі доўга – амаль сто гадоў, усё 14 стагоддзе. Прычым, новы будынак дабудоўвалі да маленькай царквы Святога Мікалая. Яна была старая, хутка руйнавалася, таму і прыбудавалі да яе новы будынак. У 19 стагоддзі тут прайшла рэканструкцыя, падчас якой знеслі рэшткі старога будынка.

Царква пабудаваная з цёмнай цэглы і ўзведзеная ў стылі готыкі. 

У царкве Святога Пятра захавана шмат драўляных прадметаў 15 і 16 стагоддзяў.

Асноўнае ўпрыгожванне царквы – дэкаратыўныя драўляныя прадметы: разьбяныя хоры, пюпітр, надбудовы, эпітафіі ды іншае. Большая іх частка зробленая знакамітымі майстрамі, частка з іх распісаная.

Самая знакамітая частка ўбрання – драўляны разны алтар, адзін з самых вялікіх у Паўночнай Еўропе. Драўляны алтар зроблены ў 1611 г. з дубу і дасягае вышынёй 15 м, ён выразаны і распісаны некалькімі знакамітымі скульптарамі і мастакамі. Дэталі можна разглядаць вельмі доўга.

Кафедра, якая таксама датуецца 15 стагоддзем, –  сапраўдны твор мастацтва. У аздабленні ўжытыя натуральныя камяні: чорны вапняк і пясчанік. Жывапісныя карціны на ёй распавядаюць пра жыццё Ісуса Хрыста.

А яшчэ ў храме велізарная колькасць прыгожых памятных пліт на сценах царквы, так званыя эпітафіі. Усе яны ў асноўным датуюцца 16 стагоддзем. 

Тое, што надае царкве Святога Пятра статус музея – адна з галоўных славутасцяў – фрэскі, якія захаваліся ў заходняй капліцы Гандляроў. Некаторыя з фрэсак, магчыма, былі зробленыя невядомым майстрам або майстэрняй у 1460-х гадах, у той час як іншыя датуюцца пачаткам 1510-х гадоў. 

Назву капліца Гандляроў атрымала не выпадкова, грошы на яе будаўніцтва былі ўнесеныя мясцовымі гандлярамі. У гэтай частцы царквы раней праводзілі абрад хрышчэння нованароджаных дзяцей, а цяпер тут месціцца музейны пакой. Вядомы факт, што жывапісныя фрэскі ўпрыгожвалі раней і сцены асноўнай царквы, але ў гады Рэфармацыі былі знішчаныя, то бок цалкам затынкаваныя і зафарбаваныя, але пасля адноўленыя, праўда, не ўсе. Фрэскі пакрываюць як сцены, так і столь, і дэманструюць некалькі розных матываў, як свецкіх, так і рэлігійных, на фоне пераплеценай зялёнай лазы. 

Падлога і сцены царквы запоўненыя магільнымі плітамі, большая частка якіх адносіцца да 16 і 17 стагоддзяў. Калісьці іх было значна больш, але частку прыбралі ў 19 стагоддзі падчас рэканструкцыі.

Таксама ў храме Святога Пятра знаходзіўся арган 14 стагоддзя, які потым перанеслі ў Музей Мальмё. Тым не менш новы орган таксама вельмі добры, царква славіцца сваімі канцэртамі. Тут можна пачуць і царкоўную, і свецкую класічную музыку, але пераважае ўсё ж царкоўная арганная.

Той, хто збіраецца наведаць Мальмё, наўрад ці абміне гэты цудоўны і прыгожы храм у самым цэнтры горада.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя