Мікола Шарах: Для незалежных прафсаюзаў не было нават адлігі
2019 год быў не простым для незалежных прафсаюзаў Беларусі. Працягваўся моцны ціск уладаў на ўсе прафсаюзныя структуры. Сябры незалежных прафсаюзаў, асабліва на дзяржаўных прадпрыемствах, пераследаваліся адміністрацыямі. Але нягледзячы на гэты ціск незалежныя прафсаюзы ўтрымаліся і не далі сябе знішчыць. Пра гэтую сітуацыю з госцем Радыё Рацыя, старшынём Свабоднага прафсаюза Беларускага Міколам Шарахам размаўляе Васіль Кроква.
РР: Што можна сказаць пра мінулы год? Што з прафсаюзных рухам сёння адбываецца ў Беларусі?
Мікола Шарах: Прафсаюзны рух, у адрозненні ад розных апазіцыйных рухаў і партый, ніколі не меў нейкага ільготнага перыяду, або адлігі. Увесь час, пачынаючы з пачатку 2000-ых, калі была ўведзена кантрактная сістэма, і ціск на прафасазы як пачаўся, так ён і не спыняецца. І гэты год таксама не быў выключэннем. У гэтым годзе вельмі моцны ціск на Незалежны прафсаюз гарнякоў. Наш Свабодны прафсаюз таксама моцна пацярпеў за гэты час. Але выканаць мэту, пастаўленую ўладамі – знішчыць, не атрымалася. Прафсаюз не знішчаны. Прафсаюз працуе. У тых магчымасцях, у тых варунках, якія сёння ёсць. Гэта вельмі цяжка, гэта складана. Але лепшых часоў у нас даўно не было.
РР: Калі казаць пра прафсаюзныя справы ў самім Полацку. Тут быў вельмі актыўны прафсаюзны рух. А зараз што адбываецца?
Мікола Шарах: Нейкі час, можа дзясятак – паўтара гадоў таму назад, Полацак і Наваполацак былі вельмі актыўнамі кропкамі прафсаюзнага ўздыму, у нас было больш за 16 першасных суполак на розных прадпрыемствах, людзі вельмі актыўна змагаліся за свае правы, з пераменным поспехам, скажам так. Але змаганне ішло і людзі не вельмі баяліся. Зараз гэтыя структуры здрабнелі не таму, што людзі расчараваліся ў прафсаюзах, але таму што нашы чальцы падлягаюць вельмі моцнаму ціску за ўдзел у прафсаюзах. І гэта не падаецца як ціск на прафсаюз. Гэта падаецца як прыватная справа, чалавеку кажуць, што ты не ў тым прафсаюзе, або кантракт з табой не працягнем, або не падвысім табе разрад, або там твайго сына некуды не возьмем, хоць як бы павінны браць. І таму пад уплывам такога магутнага прэсу, а ў адміністрацыі заўсёды прэс вельмі моцны, у чалавека вельмі мала рэсурсаў, каб абараніць самога сябе. Тым больш што ў Беларусі няма незалежнага суду, мы добра ведаем як працуе гэтая сістэма, незалежнага суду няма, няма структураў, якія б абаранялі правы працоўных. Тыя афіцыйныя прафсаюзы, якія ёсць, яны, можна сказаць, хутчэй займаюцца падтрымкай наймальніка.
РР: А калі казаць увогуле пра Беларусь, ёсць нейкі горад, дзе ўсё ж такі незалежны прафсаюзны рух моцна трымаецца?
Мікола Шарах: Я ўжо казаў пра Незалежны прафсаюз гарнякоў Салігорска. Гэта галоўная моцная структура Незалежнага прафсаюза. Але на іх аказваюць таксама вельмі моцны ціск. У гэтым годзе яны з вялікай цяжкасцю зарэгістравалі новую суполку прафсаюза. Давялося падключаць Міністэрства працы, міжнародныя арганізацыі і прафсаюзы іншых дзяржаў, каб прымусіць выканаць дзяржаву свой абавязак – зарэгістраваць арганізацыю працоўных. Гэта было вельмі цяжка. Але зарэгістраваць атрымалася. І за гэта адміністрацыя і ўлады горада сталі помсціць прафсаюзу. І больш за 800 сябраў прафсаюза ў гэтым годзе былі фактычна выціснутыя з незалежнага прафсаюза. Але на сённяшні дзень Незалежны прафсаюз гарнякоў, суполкі гэтага прафсаюза, якія ёсць у Наваполацку, – гэта такая моцная структура, якая паказала, што яна ўмее змагацца.
РР: А ці інтэграваныя беларускія незалежныя прафсаюзы ў нейкія міжнародныя супольнасці прафсаюзнага руху?
Мікола Шарах: Па-першае, беларускія прафсаюзы аб’яднаныя ў прафсаюзнае аб’яднанне, якое называецца Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў. Гэта адзін з прафсаюзных цэнтраў. У Беларусі два прафсаюзныя цэнтры – гэта афіцыйная, дзяржаўная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая засталася з савецкіх часоў, і незалежныя прафсаюзы, якія ўзніклі на мяжы 90-х, якія аб’яднаныя ў Беларускім Кангрэсе Дэмакратычных Прафсаюзаў. Міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Міжнародная арганізацыя працы прызнае толькі БКДП. Яна не прызнае Федэрацыю як прафсаюзную супольнасць у сувязі з тым, што яна не лічыць яе незалежнай. І яно так ёсць на самой справе. Бо гэта залежная ад дзяржавы структура, гэта адна са структур дзяржавы. І ёсць шмат міжнародных арганізацый, гэта і Міжнародная Канфедэрацыя працы, якая прызнае тольі БКДП. І многія іншыя міжнародныя прафсаюзныя аргаізацыі. Фактычна на міжнародным узроўні прафсаюзны рух прэзентуе Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў. Мы шчыра расказваем, пра тую сітуацыю, якая ў нас адбываецца, якому ціску падлягаюць нашыя работнікі. І пра тыя змены, а гэта фактычна новая рэдакцыя, у Працоўным кодэксе, якія ўступаюць пасля Новага году ў дзеянне, якімі работнікі пазбаўляюцца апошніх сваіх правоў.
Цалкам размова ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя