Relikt выдаў складанку найлепшых кампазіцыяў



Менскі гурт Relikt выдаў складанку найлепшых кампазіцыяў пад назвай «Braslavy Unplugged». Гэта праца – падарунак гурта слухачам да зімовых святаў.

Сюрпрызамі на альбоме, апроч агульнай чароўнай атмасферы, сталі і невыдаваныя раней трэкі: беларускамоўныя каверы кампазіцыі «Стары» Ніла Янга і амерыканскай народнай песні «Вандроўнік», вядомай у выкананні Джоні Кэша, Эда Шырана і іншых, дзе Relikt упершыню заспявалі па-ангельску.

На дыск трапілі самыя папулярныя між паклоннікаў каманды песні, створаныя за ўсю гісторыю існавання Relikt і запісаныя ў акустычным варыянце ды новых незвычайных аранжыроўках у сэрцы беларускай Поўначы – на хутары сярод Браслаўскіх азёраў спецыялістамі сталічнай «Студия 9».

Складанка апынулася прыемным бонусам да альбома «Дрэва жыцця», што выйшаў восенню і ўжо атрымаў найвышэйшыя ацэнкі экспертаў і слухачоў, трапіў у топ альбомаў года па версіі Onliner, быў рэкамендаваны карыстальнікам сэрвісу «Яндэкс.Музыка» ў раздзеле «Новае».

Прэзентацыя дыска «Дрэва жыцця» пройдзе ў сталіцы ў клубе «Re:Public» 31 студзеня. У другім аддзяленні канцэрта прагучаць найлепшыя ды найулюбёнейшыя слухачамі кампазіцыі Relikt, у тым ліку і з «Braslavy Unplugged».

Паводле прэс-рэлізу