Караеў: Міліцыя будзе пазбаўляцца ад іміджу „карнага органа”



Міліцыя будзе мэтанакіравана пазбаўляцца ад іміджу „карнага органа”, выкарыстання „палачна-галачнай” сістэмы. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў 27 снежня ў Адміністрацыі прэзідэнта на пасяджэнні міжведамаснай экспертнай групы па ўдасканаленні заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці, паведамляе прэс-служба МУС.

„Не трэба выяўляць „на колькасць”. Прафілактыка, гутарка — гэта і ёсць праца”, — прыводзіць прэс-служба словы міністра.

Як адзначыў Караеў, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі „павінны адназначна ўспрымацца грамадзянамі, у тым ліку тымі, хто прыцягваецца да адказнасці, як неабходныя і справядлівыя”.

„Мы абмежавалі выкарыстанне пераносных мабільных радараў, вырашылі прааналізаваць, што зменіцца. Пакуль сказаць, што гэта прывяло да ўсплёску правапарушэнняў, мы не можам. Устаноўка камер фіксацыі павінна быць узгоднена з кіраўнікамі ДАІ з улікам аналізу аварыйнасці на дарогах. Разам з тым трэба памятаць, што ёсць грамадзяне вельмі законапаслухмяныя, а ёсць ліхачы, гатовыя плаціць штрафы. Мы не павінны ісці на повадзе ў сістэмных правапарушальнікаў”, — заявіў Караеў.

Прэс-служба таксама паведамляе, што ў МУС завершана распрацоўка інструкцыі аб парадку ацэнкі дзейнасці органаў унутраных спраў па выкананні асноўных задач. У яе аснове ацэнка толькі па канчатковым выніку без давядзення якіх-небудзь планаў або нарматываў, адсутнасць у крытэрыях ацэнкі паказчыкаў адміністрацыйнай практыкі, пераход ад ацэнкі „здавальняюча — нездавальняюча” да ўкаранення бальнай сістэмы.

Напрыклад, па лініі наркакантролю максімальная колькасць балаў будзе налічвацца падраздзяленню за спыненне дзейнасці наркалабараторыі альбо злачыннай арганізацыі. Па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі — не па колькасці выяўленых злачынстваў, а па значнасці прадухіленай шкоды. Акрамя таго, для стымулявання працы супрацоўнікаў пры яе ацэнцы ўводзяцца павышальныя каэфіцыенты пры ўмове аднясення злачынства да „прыярытэтных” (дзяржаўная ўласнасць, бюджэт, закупкі і іншыя).

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 16 снежня раскрытыкаваў дзейны КоАП. Паводле яго слоў, дзейны кодэкс выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння любых канфліктных сітуацый — так склалася яшчэ ў савецкія часы. „Але ж гэта фарміруе ў грамадстве думку аб празмернай жорсткасці органаў улады і ўлады ўвогуле, а часта і відавочнай несправядлівасці практыкі прымянення адміністрацыйных санкцый”, — падкрэсліў Лукашэнка.

„Як мне дакладваюць, да гэтага часу ў нас не выкаранена палачна-галачная сістэма, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэтым грашаць практычна ўсе: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспекцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў проста патрабуе прынесці не менш як тры-пяць пратаколаў аб правапарушэннях за дзень, калі не — застануцца без прэміі”.

Лукашэнка запатрабаваў распрацаваць новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і не мяняць яго пяць гадоў. Праект дакумента даручана ўнесці ў Адміністрацыю прэзідэнта да ліпеня 2020 года.

belapan.by

Фота БелТА