Зборная Беларусі па гандболе перамагла каманду ААЭ
Мужчынская зборная Беларусі па гандболе з перамогі стартавала на турніры ў польскім Тарнуве. У першым матчы каманда Юрыя Шаўцова была мацней за зборную Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 31:24.
Сёння беларусы згуляюць з другой зборнай Іспаніі, а ў нядзелю завершаць выступ паядынкам з камандай Польшчы.
„Гродна-93” вырваў перамогу ў рэзервовага складу „Цмокаў”
У матчы першай шасцёркі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе „Гродна-93” на сваім паркеце зламіў супраціў рэзервістаў „Цмокi-Мiнск” – 90:89. Перамога дазволіла гаспадарам узначаліць турнірную табліцу.
«Вулверхэмптан» перамог „Манчэстэр Сіці”, прайграючы з лікам 0: 2
У матчы 19-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Вулверхэмптан» прымаў «Манчэстэр Сіці» і перамог з лікам 3:2. Ужо на 12-й хвіліне «Сіці» застаўся ў меншасці – з поля быў выдалены брамнік Эдэрсан. Нягледзячы на гэта, у сярэдзіне першага тайма «гараджане» выйшлі наперад, дзякуючы голу нападніка Рахіма Стэрлінга. У пачатку другой паловы ён павялічыў перавагу гасцей. На 55-й хвіліне форвард «Вулверхэмптана» Адама Траорэ адыграў адзін мяч. У канцы матчу нападнік «ваўкоў» Рауль Хімэнэс зраўняў лік. А перамогу гаспадарам прынёс абаронца Мэт Доэрці, забіўшы на 89-й хвіліне. «Манчэстэр Сіці», набраўшы 38 ачкоў, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы АПЛ, адстаючы ад лідара – «Ліверпуля» на 14 ачкоў.
Цеему Пулкінен пераходзіць з менскага „Дынама” ў маскоўскае
Фінскі форвард Цеему Пулкінен пакідае „Дынама-Мінск” і працягне кар’еру ў складзе іх маскоўскіх аднаклубнікаў. Менчукі атрымаюць значную кампенсацыю за датэрміновае скасаванне кантракту, ледзь не самую вялікую ў гісторыі выступаў клуба ў КХЛ, паведамілі ў прэс-службе „зуброў”. Цеему Пулкінен далучыўся да каманды Крэйга Вудкрафта ў сезоне 2018/2019. За 83 матчы ў форме менскай дружыны фін закінуў 32 шайбы і аддаў 24 выніковыя перадачы. У бягучым сезоне ён быў лепшым снайперам каманды, запісаўшы на свой рахунак 17 шайбаў і 10 перадач.
Юныя беларускія хакеісты згуляюць на міжнародным турніры ў Швейцарыі
Юныя беларускія хакеісты згуляюць на міжнародным турніры ў Швейцарыі. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Швейцарыі. Дзеці прымуць удзел у 25-м юбілейным міжнародным дзіцячым хакейным турніры памяці Жана Тэнглі, які з 27 па 29 снежня праходзіць у Швейцарыі. На лёдзе сыдуцца 10 дзіцячых хакейных клубаў з Беларусі, Швейцарыі, Францыі і Расеі. Удзел у турніры ад Беларусі бяруць адразу дзве сталічныя дзіцячыя хакейныя каманды – „Дынама-Мінск” і СК „Мінск”. Летась Беларусь на турніры ў Швейцарыі прадстаўляў наваполацкі хакейны клуб „Хімік-2006”.
Авечкін адмовіўся ад удзелу у Матчы ўсіх зорак НХЛ
Капітан «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксандр Авечкін заявіў пра рашэнне прапусціць Матч усіх зорак 2020 года, які пройдзе з 24 па 26 студзеня ў «Энтэрпрайз-Цэнтры» ў Сэнт-Луісе. Расейскі форвард вырашыў скарыстацца адведзеным тыднем на Зорны ўік-энд, каб залячыць траўмы і падрыхтавацца да плэй-оф. Авечкін быў абраны капітанам зборнай Сталічнага дывізіёна, для яго Матч зорак мог стаць восьмым ў кар’еры. Форвард «Бостан Бруінз» Давід Пастрняк стаў капітанам Атлантычнага дывізіёну, Цэнтральны дывізіён узначаліў нападнік «Каларада Эвеланш» Натан Макінан, капітанам Ціхаакіянскага дывізіёна абраны форвард «Эдмантан Ойлерз» Конар Макдэвід.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота handball.by